RFE/RL |
Серада, 8 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Наш ню-ёрскі карэспандэнт Галіна Прыгара сустрэлася з дэпутатам Дзяржаўнае Думы Расеі Барысам Беразоўскім, якога фінансавыя аналітыкі лічаць самым заможным бізнэсмэнам гэтай краіны. Палітычныя назіральнікі адзначаюць, што і пасьля адстаўкі Ельцына Беразоўскі, у тым ліку і як уладальнік вядучых тэлеканалаў, істотным чынам уплывае на рашэньні расейскае палітычнае ды эканамічнае эліты. Прапануем ўрывак з гэтага інтэрвію, датычны Беларусі. (Прыгара: ) “Спадар Беразоўскі, як Вы ставіцеся да размоваў пра тое, што Лукашэнка можа рэальна стаць Прэзыдэнтам Расеі?” (Беразоўскі: ) “Неверагодна, так? Хаця… Хаця. Зусім нядаўна гэта сапраўды вельмі сур’ёзна абмяркоўвалася, і ня толькі ў Беларусі. У Расеі гэта сур’ёзна абмяркоўвалася – ці можа Лукашэнка быць прэзыдэнтам Расеі, а больш дакладна – аб’яднанай дзяржавы. І на гэта былі зусім канкрэтныя прычыны, чаму гэта сур’ёзна абмяркоўвалася. Таму што былі толькі тыя кандыдаты, у шэрагу якіх Лукашэнка ня быў горшым”. (Прыгара: ) “Ня горшым для Расеі?” (Беразоўскі: ) “Ня горшым для Расеі, канешне. Найперш, для Расеі. На фоне Лужкова, Прымакова, Зюганава я не лічу, што Лукашэнка – гэта горшы варыянт. Не лічу. І вось калі Вас цікавіць маё меркаваньне, я лічу, што сапраўды, як прэзыдэнт Расеі Лукашэнка – лепшы, чым, напрыклад, Лужкоў. Лукашэнка лепшы, чым Прымакоў. Лукашэнка лепшы, чым Зюганаў. Паводле адной простай прычыны: ён больш сучасны. Пры ўсім, ён – больш сучасны. Хаця шмат хто, я ведаю, у Беларусі, у Расеі кажуць: “старшыня калгасу”… Я вельмі шмат разоў сустракаўся з Лукашэнкам і магу сказаць, што Лукашэнка – сур’ёзны палітык. Так, па шмат якіх вымярэньнях я не падзяляю ягоны пункт гледжаньня. Але гэта – аб’ектыўная рэальнасьць. Ён сур’ёзны палітык і ня толькі на беларускай арэне. І на расейскай. Але! Але зноў жа, з майго пункту погляду, канешне, ён не вытрымлівае параўнаньня з сёньняшнім выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Расеі Пуціным”. Гутарыла Галіна Прыгара (Цалкам інтэрвію Беразоўскага, у якім закранаюцца праблемы парушэньня
правоў чалавека ў Беларусі і пэрспэктывы беларуска-расейскага саюзу, а
таксама іншыя тэмы, прагучыць у бліжэйшыя дні)
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |