RFE/RL |
Серада, 8 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
У Менску й іншых гарадох Беларусі праходзяць масавыя праверкі студыяў аўдыё- і відэазапісу і рэйды на гандлёвыя кропкі з мэтаю канфіскацыі неліцэнзаванае (гэтак званае “пірацкае”) прадукцыі. Яны пачаліся пасьля таго, як маскоўскія прадстаўніцтвы і замежных, і расейскіх фірмаў у лістах на адрэсу беларускіх дзяржаўных установаў запатрабавалі выкананьня аўтарскіх і сумежных правоў. Апошнія два тыдні гандляры касэтамі й дыскамі адчуваюць на сабе пільную ўвагу праваахоўных ворганаў. Пад час рэйдаў на гандлёвыя кропкі кантрафактная (або “пірацкая”) прадукцыя зканфіскоўваецца. Гаспадарчую дзейнасьць студыяў запісу ў Менску адначасна правяраюць супрацоўнікі КДБ, прадстаўнікі падатковай інспэкцыі і Дзяржаўнага камітэту фінансавых расьледваньняў. Рэйды й канфіскацыя – гэта новыя спосабы барацьбы зь пірацтвам. Супрацоўнік студыі “Бульба Рэкардз”, якая прадстаўляе інтарэсы расейскіх кампаніяў і валодае 60 адсоткамі аўтарскіх правоў аўдыёзапісаў расейскіх выканаўцаў, Віталь Чыжоў кажа, што дагэтуль вытворцы й гандляры перасьледваліся праз суд: (Чыжоў: ) “Мы зьвяртаемся з грамадзянскімі зыскамі й патрабуем кампэнсаваць страты за парушэньне аўтарскіх правоў. Па нашых заявах міліцыя й пракуратура ўзбуджаюць адміністрацыйныя справы. Крымінальных пакуль што не было”. Супрацоўнікі студыяў зьдзіўленыя тым, што ў праверках удзельнічае КГБ. “Такога ніколі не было. Звычайна да нас прыходзілі з падатковай. Ну, калі хацелі прыціснуць, дык на студыі зьяўляліся з санэпідэмстанцыі ды пажарнай аховы. Але кагэбэшнікі гэтым ніколі не займаліся. Такое адбываецца ўпершыню”, – заявіў “Радыё Свабода” супрацоўнік студыі, якія папрасіў не называць ягонае прозьвішча. У прэсавай службе КГБ удзел контравыведнікаў у рэйдах патлумачылі неабходнасьцю захаваньня міжнароднага прэстыжу краіны. КГБ шчыльна супрацоўнічае з расейскімі калегамі. Дарэчы, праверкі й рэйды ў Беларусі й Расеі адбываюцца адначасова. Тым ня менш, супрацоўнікі некаторых студыяў лічаць, што актывізацыя барацьбы з пірацтвам адбываецца не зь ініцыятывы дзяржаўных ворганаў Беларусі. Напярэдадні адміністрацыі раёнаў Менску атрымалі лісты ад маскоўскіх фірмаў, якія займаюцца распаўсюджваньнем ліцэнзійнае прадукцыі. “Паведамляем вам, што ў адпаведнасьці з пагадненьнем, кампанія (ідзе назва) валодае эксклюзыўным правам на пракат і распаўсюджваньне на тэрыторыі Расеі і краінаў СНД наступных фільмаў…” Пасьля пералічэньня фільмаў, пірацкія копіі якіх робяцца й прадаюцца ў Беларусі, аўтары ліста патрабуюць “не дапусьціць распаўсюджваньня вышэйзгаданых кінафільмаў”. Ускосна вэрсію пра “маскоўскі сьлед” пацьвердзіў і Віталь Чыжоў: “Статус нашай агранізацыі даволі сур’ёзны, але яго не хапае, каб уплываць на рашэньне ўраду. Магчыма, што разуменьне неабходнасьці барацьбы зь пірацтвам прыйшло аднекуль зь іншага боку”. ВітальЧыжоў кажа, што, напрыклад, “Бульба Рэкардз” апошнім часам шчыльна супрацоўнічае з праваахоўнымі ворганамі. “Канешне, мы стала даем ім інфармацыю. Яны працуюць згодна з нашай інфармацыяй. А каму яшчэ, акрамя нас, сачыць за выкананьнем аўтарскіх правоў?”, – заявіў Віталь Чыжоў. У Беларусі 95 адсоткаў аўдыё- і відэапрадукцыі, а таксама кампутарных праграмаў зьяўляюцца пірацкімі. Закон пра абарону аўтарскіх і сумежных правоў, прыняты ў 1996 годзе, практычна ня дзейнічае. Так, дзяржаўны рэгістар кінафільмаў і кіна-відэапракату выдае ліцэнзіі контрафактным копіям. Дзяржава, якая раней фактычна заплючшвала вочы на дзейнасьць піратаў, цяпер дбае пра захаваньне аўтарскіх правоў. У адпаведнасьці з патрабаваньнем маскоўскіх фірмаў. Ягор Маёрчык, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |