RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 8 Сакавіка 2000

Сёньня



Віцэ-прэзыдэнт ЗША Эл Гор і губэрнатар Тэхасу Джордж Буш – найбольш верагодныя кандыдаты ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах ў ЗША. Абодва перамаглі на так званых “праймэрыз”, што адбыліся ў 15 амэрыканскіх штатах.

Контркандыдат Эл Гора ў Дэмакратычнай партыі, былы сэнатар Біл Брэдлі, прайграў ва ўсіх 15 штатах і, нават, паведаміў, што ён цяпер разглядае магчымасьць адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў “праймэрыз”, таму, што ў яго няма шанцаў на перамогу.

Першы камэнтар Біла Брэдлі пасьля таго, як сталі вядомыя вынікі выбараў, быў наступны:

(Брэдлі: ) “Я пазваніў віцэ-прэзыдэнту і павіншаваў яго з перамогай. Ён перамог. Я прайграў”.

Джордж Буш перамог у 13 штатах з 15. Ягоная перамога не была такая пераканаўчая, але і ён цяпер амаль стопрацэнтны кандыдат ад рэспубліканцаў на прэзыдэнта. Буш пракамэнтаваў сваю перамогу наступным чынам:

(Буш: ) “Сёньня ў нас добрыя весткі. Мы пабачылі нашую мэту. Нам кінулі выклік, і мы прынялі гэты выклік. Нам трэба было здаць экзамен, і мы здалі гэты экзамен. Мы абяцалі вам агульнанацыянальную кампанію, і сёньня ўвечары мы атрымалі агульнанацыянальную перамогу”.

Цяпер, калі кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША амаль вызначаныя, палітычныя аналітыкі і камэнтатары робяць прагнозы, у каго ж болей шанцаў на перамогу 7 лістапада, і калі амэрыканцы прыдуць да выбарчых вурнаў.

З 8 вядомых палітычных аналітыкаў, якіх агенцтва Reuters папрасіла пракамэнтаваць вынікі выбараў, усе 8 выказалі ўпэўненасьць у перамозе Гора. Амаль у адзін голас яны заявілі, што вырашальным у перамозе кандыдата дэмакратычнай партыі будуць не асабістыя якасьці Эл Гора, а надзвычай добрае эканамічнае становішча Амэрыкі.

Алан Ліхтман, прафэсар паліталёгіі Ўнівэрсытэту ў Сан-Дыега распрацаваў спэцыяльную мадэль тэставаньньня: хто пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах, якая складаецца з 13 пытаньняў. “Паводле майго тэсту, - сцвярджае прафэсар, - Гор перамагае на падставе наступных паказчыкаў: мір, багацьце і ўнутраная стабільнасць. Буш – гэта ня той чалавек, які б мог бы зьмяніць сытуацыю і пераканаць амэрыканцаў у патрэбе зьменаў”.

Амэрыканскія палітычныя камэнтатары таксама прыгадваюць такую гістарычную паралель, калі бацька тэхаскага губэрнатара Джорд Буш перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у 1988 годзе як бы на плячах вельмі папулярнага ў той час прэзыдэнта Рональда Рэйгана.

Падобная сытуацыя назіраецца і цяпер, калі вырашальную ролю падчас перадвыбарчай кампаніі можа адыграць цяперашні даволі папулярны прэзыдэнт Біл Клінтан, хаця ягонае васьмігадовае прэзыдэнцтва і адзначалася шматлікімі палітычнымі скандаламі.

Мікола Іваноў, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org