RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 8 Сакавіка 2000

Сёньня:



Праект Закону аб выбарах дэпутатаў “саюзнага” парлямэнту можа быць ўнесены на разгляд сэсіі “Палаты прадстаўнікоў”, якая пачнецца 2 красавіка. Улады не выключаюць, што выбары дэпутатаў “саюзнага” парлямэнту могуць адбыцца ўжо сёлета ўвосень, адначасна зь беларускімі парлямэнцкімі выбарамі.

Чаму беларускія ўлады прысьпешваюць стварэньне “саюзнага” парлямэнту? У новай “саюзнай” дамове, падпісанай напрыканцы мінулага году, тэрмін стварэньня гэтага наднацыянальнага ўладнага інстытуту ня вызначаны, гаворыцца толькі, што выбары павінны адбыцца не пазьней як праз паўгады пасьля прыняцьця адпаведных законаў нацыянальнымі заканадаўчымі ворганамі. Улічваючы ступень самастойнасьці лукашэнкавых палатаў, можна ўпэўнена сьцьвярджаць, што выбары ў “саюзны” парлямэнт прысьпешвае менавіта кіраўнік Беларусі.

Можна вызначыць некалькі чыньнікаў гэтага. Падаецца, што ці не галоўная мэта – атрымаць магчымасьць уплыву на расейскую палітыку. З прыходам да ўлады Пуціна гэтыя магчымасьці значна звузіліся: Лукашэнка ўжо ня можа гуляць на супярэчнасьцях паміж Думаю і Крамлём. Перавага Пуціна над іншымі прэтэндэнтамі на Крэмль нагэтулькі вялікая, што ён пакуль ня мае аніякае патрэбы ў інтэграцыйных паслугах беларускага кіраўніка.

Высокапастаўленыя маскоўскія візытанты, якія апошнім часам наведваюць Менск, размаўляюць зь беларускім кіраўніцтвам даволі жорстка і, “залатых гор” ня толькі не даюць, але нават і не абяцаюць. На мінулым тыдні сьпікер Дзяржаўнае думы Селязьнёў з сумам канстатаваў, што першы віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Касьянаў, які адначасна зьяўляецца кіраўніком “саюзнага” ўраду, ня толькі не сьпяшаецца ствараць структуры “саюзнае” Рады міністраў, але нават не прадстаўляе ў Парлямэнцкі сход “Саюзу” праект “саюзнага” бюджэту.

У гэтай сытуацыі стварыць нейкі “саюзны” ворган улады, абраны народам – ці не адзіная магчымасьць для Лукашэнкі хаця б часткова ўплываць на расейскую палітыку.

Праўда, улады ў “саюзнага” парлямэнту будзе няшмат – любое ягонае рашэньне набывае моц толькі ў тым выпадку, калі яго ўхваляюць абодва кіраўнікі дзяржаваў. Але калі такія ўхвалы ёсьць, “саюзны” закон мае наўпроставае дзеяньне і большую юрыдычную моц, чым нацыянальныя законы.

Зараз Пуцін, які кантралюе Думу, у такой юрыдычнай прыладзе ня мае патрэбы. А раптам ягоныя стасункі з расейскім парлямэнтам пагоршацца? Тут і можа спатрэбіцца “саюзны” парлямэнт з паслухмянымі беларускімі дэпутатамі. А паколькі слухацца яны будуць не Пуціна, а Лукашэнку, то апошні спадзяецца атрымаць з такой гульні нейкія прыбыткі.

Ну, а калі рэальнае патрэбы ў такіх паслугах беларускага кіраўніка ў Пуціна не паўстане, застаецца магчымасьць проста выкарыстоўваць “саюзны” парлямэнт, як пляцоўку, падымаць шум, скардзіцца на ўсю Расею на розных ворагаў інтэграцыі, якія перашкаджаюць Лукашэнку ашчасьлівіць абодва народы.

Прысьпешваньне выбараў у “саюзны” парлямэнт можа мець і чыста нутраныя матывы. Калі гэтая акцыя будзе спалучаная з выбарамі ў парлямэнт Беларусі, гэта створыць пэўную атмасфэру нацыянальных выбараў: тэма стасункаў з Расеяй стане галоўнай тэмаю перадвыбарчае кампаніі, што зьніжае шанцы на посьпех у апазыцыі.

Нешта падобнае было ў 1995 годзе, калі парлямэнцкія выбары былі спалучаныя з рэфэрэндумам аб статусе расейскае мовы ды інтэграцыі з Расеяй. Прагаласаваўшы на рэфэрэндуме за расейскую мову, на выбарах людзі прагаласавалі супраць прыхільнікаў дзяржаўнасьці беларускае мовы.

Зараз выбары ў “саюзны” парлямэнт – гэта й сродак ўнесьці раскол у шэрагі апазыцыі: у Партыі камуністаў беларускіх ужо абмяркоўваецца варыянт, калі партыя байкатуе нацыянальныя парлямэнцкія выбары, але бярэ ўдзел у “саюзных”.

Юры Дракахруст, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org