RFE/RL |
Аўторак, 7 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
(эфір 6 сакавіка) Знамянальная падзеі адбылася сёньня ў судзе Ленінскага раёну Берасьця. Упершыню для ўдзелу ў судовым працэсе быў выкліканы перакладчык з беларускай мовы на расейскую. Нагадаю, што 29 лютага судзьдзя Міхаіл Шапяцюк змушаны быў спыніць разгляд справы вядомага берасьцейскага апазыцыянэра Генадзя Самойленкі, бо адзін са сьведкаў, Яўген Бяласін адмовіўся даваць паказаньні па-расейску, як гэтага патрабаваў судзьдзя. Тады судзьдзя Шапяцюк абгрунтаваў сваё патрабаваньне тым, што расейская мова зьяўляецца ў Беларусі мовай справаводзтва. Паколькі на той момант у судзе так і не знайшлося перкладчыка зь беларускай мовы на расейскую, быў абвешчаны перапынак да сёньняшняга дня. У суд была выкліканая настаўніца адной зь беларускіх школаў Ларыса Андраюк, на якую й былі ўскладзеныя абавязкі перакладчыка. Пры гэтым засталося невядомым, за чый кошт будуць пакрытыя выдаткі, зьвязаныя з удзелам настаўніцы ў судовым паседжаньні. Што да самой справы Генадзя Самойленкі, дык судзьдзя Шапяцюк на падставе артыкулу 227 Адміністрацыйнага кодэксу засьведчыў адсутнасьць адміністрацыйнага правапарушэньня з боку спадар Самойленкі і спыніў справу. Варта нагадаць, што гэта быў ужо другі суд над Генадзем Самойленкам, якога абвінвачвалі, што 8-га сьнежня, мінулага году, ён нібыта парушыў парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў пад час акцыі “Сьвяча незалежнасьці”, якая прайшла ў Берасьці. Тады судзьдзя Міранюк прызнаў Генадзя Самойленку вінаватым і вынес пакараньне – 10 содняў арышту. Пазьней старшыня берасьцейскага абласнога суду Канстанцін Цімафіевіч адмяніў гэтую пастанову, бо палічыў, што судзьдзя Міранюк пры разглядзе памянёнай справы парушыў патрабаваньні закону, калі адмовіўся задаволіць хадайніцтва Самойленкі запрасіць сьведкаў і ўзяць удзел у судовым паседжаньні грамадзкага абаронцы. У выніку справа была ськіраваная на новы разгляд, зноў трапіла ў суд Ленінскага раёну Берасьця, але ўжо да іншага судзьдзі. Гэты судзьдзя, Міхаіл Шапяцюк, і прыняў пастанову, якой фактычна зьняў зь Генадзя Самойленкі ўсе абвінавачваньні ў парушэньні закону. Сам спадар Самойленка заявіў Радыё Свабода, што задаволены сёньняшнім рашэньнем суду, але зьбіраецца падаць касацыйную скаргу, каб прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў. Генадзь Самойленка будзе патрабаваць кампэнсацыі маральнай шкоды ад міліцыянтаў, якія затрымалі яго пад час сьнежаньскага пікету і склалі пратакол, на падставе якога ён быў раней асуджаны. Алег Супрунюк, Берасьце
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |