RFE/RL |
Панядзелак, 6 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
Больш як гадзіну пратрымалі сёньня ў міліцэйскім пастарунку карэспандэнтку газэты “Беларуская маладзёжная” Ірыну Слаўнікаву. Журналістку абвінавацілі ў распаўсюджваньні антыўрадавых улётак. Уранку ля 11-й гадзіны журналістка накіроўвалася ў сваю рэдакцыю. Каля ўваходу на станцыю мэтро “Маскоўская” Ірына спрабавала прыклеіць малюнак-самаклейку з карыкатурнай выяваю наступнага зьместу: на хакейнай клюшцы сядзіць голы вусаты чалавечак з характэрна зачасанымі рэдкімі валасамі. У сьпіну яму пінае цяжкі бот. На карыкатуры дзьвюхмоўны надпіс: “Game Over – Гульня скончана!” Але прыклеіць малюнак спадарыня Слаўнікава не пасьпела – зьявіўся сяржант і даставіў яе ў лінейны аддзел міліцыі станцыі мэтро. Ахоўнікаў парадку найперш цікавіла, дзе Ірына ўзяла гэтую ўлётку, ці ёсьць у яе яшчэ падобныя малюнкі й колькі яна атрымлівае грошай за такую працу. Міліцыянты таксама спрабавалі абшукаць журналістку, але спадарыня Слаўнікава заявіла, што нікога не падпусьціць да сябе, пакуль ёй не дадуць зьвязацца з рэдакцыяй і ў пастарунак не прыедзе адвакат. Міліцыянты патрабаваньне журналісткі выканалі. Ірына патэлефанавала галоўнаму рэдактару газэты Тацяне Мельнічук і паведаміла, што ня можа прыехаць на працу, бо яе затрымалі. Празь нейкі час у пастарунку зьявіўся і юрыст зь Беларускай асацыяцыі журналістаў. Тым часам кіраўнік лінейнага аддзелу, старэйшы лейтэнант Мішкевіч перапісаў і спраўдзіў асабістыя дадзеныя журналісткі й склаў адпаведны пратакол. Міліцыянты спачатку настойвалі на тым, што малюнак-самаклейка ёсьць улёткаю з заклікам да ўдзелу ў “Маршу Свабоды-2”, і нават спрабавалі пазнаць у выяве Аляксандра Лукашэнку. Але пазьней абмежаваліся тым, што абвінавацілі журналістку ў дробным хуліганстве. Пасьля выхаду з пастарунку Ірына Слаўнікава так патлумачыла матывы свайго затрыманьня: “Напэўна, ім перадусім дадзеная ўстаноўка. Бо калі яны патрэбныя – іх няма, а калі бязкрыўдная наклейка – то яны раптам вырастаюць як з-пад зямлі. Каля кожнага пастарунку поўныя дошкі з фатаздымкамі злачынцаў, што знаходзяцца ў вышуку, а яны трацяць свае сілы й сродкі на барацьбу з бязкрыўднымі наклейкамі” – паведаміла спадарыня Слаўнікава. Міліцыянты абвінавацілі журналістку ў парушэньні арт. 143 Адміністратыўнага кодэксу (самавольнае зьмяненьне вонкавага выгляду будынкаў). Цяпер Ірыне пагражае штраф – адзін мінімальны заробак. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |