RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 6 Сакавіка 2000

Сёньня



(эфір 4 сакавіка)
Васіль Старавойтаў зьвярнуўся ва ўрад з пратэстам супраць таго, што ягоная пэнсія налічваецца без уліку вялікага працоўнага стажу, узнагародаў і ўдзелу ў Айчыннай вайне. Экс-міністар сельскае гаспадаркі Васіль Лявонаў сьцьвярджае, што заявы некатарох сьведкаў у ягонай справе адрозьніваюцца ад паказаньняў, занесеных у пратакол судовага працэсу. Зінаіда Ганчар сумняецца ў тым, што ліст прадстаўнікоў грамадзкасьці ў абарону Віктара Ганчара дайшоў да адрасату – Уладзімера Пуціна. Міхал Чыгір перакананы, што ўжо першыя паказаньні сьведкаў, што прагучалі ў судзе, даказваюць ягоную невінаватасьць.

Былы старшыня акцыянэрнага таварыства “Расьвет” Васіль Старавойтаў на запрашэньне місіі АБСЭ прыехаў у Менск і праходзіць цяпер курс лячэньня. Ён удзячны ўсім, хто яму дапамагае і кажа, што ў тым ліку дзякуючы і гэтае дапамозе адчувае сябе лепей.

На фоне гэтае дапамогі цяжка патлумачыць дзеяньні ўладаў, якія прывялі да таго, што двойчы герой сацыялістычнае працы, вэтэран Айчыннае вайны Старавойтаў атрымлівае пэнсію самага нізкага роўню. Васіль Старавойтаў напісаў ва ўрад ліст з пратэстам. Ён кажа: “…Я не прасіў пэрсанальнае пэнсіі, а такой, як усім вэтэранам. Такія людзі як я, абаронцы Беларусі, атрымліваюць зараз удвая больш за мяне, прыблізна 40 мільёнаў, мая ж пэнсія за люты склала 18 мільёнаў рублёў”, – сьцьвярждае былы вязень.

Паводле Старавойтава, ён ня можа распараджацца й грашыма, якія ўклаў у капітал акцыянэрнага таварыства “Расьвет”. Разам зь некалькімі сотнямі “расьветаўцаў” ён набываў акцыі гаспадаркі, а цэпер таварыства стала калгасам і грошы фактычна згубіліся. “Акрамя дома й выкупленай АБСЭ мэблі ды бібліятэкі, у мяне нічога няма”, – гэтак ацэньвае Старавойтаў свой маёмасны стан на сёньняшні дзень.

Двойчы герой сацыялістычнае працы з сумам заўважае, што пад пераацэнку трапілі і ягоныя ўзнагароды… “Мяне героям ня лічаць. Маглі б пазбавіць гэтага званьня, калі б мелі права, але гэта ж урад СССР прымаў рашэньне, таму яны проста неафіцыйна адмянілі ўсе мае ільготы і ўсё”, – заявіў Старавойтаў на нядаўняй сустрэчы ў Цэнтры правоў чалавека, які ўзначальвае адвакатка Вера Страмкоўская.

* * *

Экс міністар сельскае гаспадаркі Васіль Лявонаў працягвае рыхтаваць скаргу на вынесены яму прысуд. На гэтым тыдні Лявонаў пачаў знаёміцца з пратаколам судовага разгляду сваёй справы і, паводле словаў адвакаткі Сьвятланы Ўласавай, заўважыў разыходжаньні ў тых паказаньнях, якія прагучалі на судзе й запісах у пратаколе. Паводле Уласавай, Лявонаў лічыць гэтыя разыходжаньні йстотнымі. Ён намераны зьвярнуць на іх увагу ў скарзе, якую плянуе даслаць да старшыні Вярхоўнага суду. Нагадаю, Лявонаў не зьмяніў сваю пазыцыю, ён дагэтуль не прызнае сябе вінаватым.

* * *

Зінаіда Ганчар дагэтуль ня ведае, ці дайшоў да Ўладзімера Пуціна ліст у абарону Віктара Ганчара, які падпісвалі вядомыя палітыкі, пісьменьнікі, журналісты Беларусі. Пра гэты ліст паведаміла газэта “Народная Воля” 26 лютага, аднак сама Зінаіда Ганчар нават не бачыла гэтага дакумэнту. Ніхто з арганізатараў звароту не палічыў патрэбным зьвярнуцца да яе.

Намаганьні былое сакратаркі Ганчара Кацярыны Антонік у пошуках сьлядоў звароту ня мелі посьпеху. Угэтай сувязі спадарыня Ганчар зьвярнулася да тых, хто зьбіраў подпісы ў абарону зьніклага дэпутата з просьбаю ўзгадняць зь ёю крокі ў пошуках Віктара Ганчара. “Мужчыны, паводзьце сябе па-мужчынску”, – заклікае сяброў мужа Зінаіда Ганчар.

* * *

Мінулы тыдзень стаў насычаным на падзеі ў працэсе Міхала Чыгіра. Экс-прэм’ер заяўляў пра недавер судзям, але хадайніцтва было адхіленае. Потым высьветлілася, што “Белаграпрамбанк” дагэтуль не зьвярнууся з зыскам да Ганчара й пакуль не зьбіраецца гэтага рабіць.

Адвакаты лічаць гэты факт паказьнікам справядлівасьці прэтэнзіяў да былога прэм’ера, вылучаных сьледчымі. А напрыканцы тыдня вэрсія сьледчых пачала развальвацца пасьля заяваў сьведкаў. Усе чацьвёра апытаных сьведкаў не пацьвярджалі высноваў сьледзтва, а былы кіраўнік беларускага адзяленьня былога “Внешэкономбанка” СССР Уладзімер Блізьнец нават улічыў сьледчых у фальсыфікацыі доказаў. Блізьнец заявіў, што не казаў тых словаў, якія яму прыпісала сьледзтва.

Міхал Чыгір лічыць, што гэтыя паказаньні сьведкаў даказваюць ягоную невінаватасьць. Вось што сказаў Чыгір пасьля слуханьняў для “Радыё Свабода”:

(Чыгір: ) “Ніякіх злоўжываньняў, ніякіх даходаў, тым больш крадзяжу тут не праглядаецца і праглядацца ня можа”.

Гэта быў Міхал Чыгір, якога беларускае кіраўніцтва ўжо абвесьціла злодзеям і рабаўніком дзяржавы.

У панядзелак, 6 сакавіка суд над Чыгіром працягнецца. 9 сакавіка адновіцца й паседжаньне ў справе дэпутата Андрэя Клімава.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org