RFE/RL |
Панядзелак, 6 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
У інтэрвію “BBC”, якое выйшла ў эфір у мінулую нядзелю, выканальнік абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімер Пуцін ня выключыў, што ў будучыні Расея можа стаць сябрам NATO. На пытаньне журналіста, ці далучыцца Расея да NATO, Пуцін адказаў: ”Чаму не? Я не выключаю такое магчымасьці, калі зь інтарэсамі Расеі будуць лічыцца, калі яна будзе паўнапраўным партнэрам”. Міністар замежных справаў Беларусі Ўрал Латыпаў лічыць, што заява расейскага лідэра – пакуль ня больш, чым думкі ўголас. Камэнтар Юрыя Дракахруста. Сёньня шэф беларускага МЗС Урал Лытапаў у размове з журналістамі прыгадаў, што СССР у 50-я гады таксама спрабаваў уступіць у NATO. Ён лічыць, што меркаваньні Пуціна – гэта ня новая палітыка, а “думкі ўголас”. Паводле словаў міністра, Масква не ўзгадняла сваю новую ініцыятыву зь Менскам, але на гэтым роўні “думак уголас” у гэтым нібыта й няма патрэбы. Кіраўнік беларускага МЗС падкрэсьліў, што Беларусь узнавіла свае кантакты з NATO да роўню, які існаваў да баявой апэрацыі ў Косаве. Зараз – падкрэсьліў Латыпаў – патрэбны выхад на новы ровень: заключэньня пагадненьня аб узаемным паразуменьні з альянсам. Паводле словаў Латыпава, гэта асабліва патрэбна з улікам таго чыньніка, што Беларусь непасрэдна мяжуе з NATO. У чым сэнс сэнсацыйнае праNATOўскае заявы Ўладзімера Пуціна? На першы погляд, гэта – даніна палітычнае кан’юнктуры. У гаспадара Крамля ёсьць пільная патрэба ўлагодзіць Захад. Пакуль вобраз новага расейскага лідэра палохае і насьцярожвае Захад: чачэнская вайна, альянс прапуцінскае фракцыі ў Думе з камуністамі, імклівы рост расейскага ваенага бюджэту, справа Бабіцкага, нарэшце, чэкісцкае мінулае Пуціна – ўсе гэтыя чыньнікі прымушаюць заходнія краіны хутчэй рыхтавацца да новае “халоднае вайны”, чым спадзявацца на паляпшэньне стасункаў. Але Захад не сьпяшаецца з канчатковым рашэньнем. На пытаньне: “Хто такі спадар Пуцін?”, якое прагучала на Давоскім форуме, канчатковага адказу Захад пакуль не знайшоў. Заява Пуціна пра магчымасьць уступу Расеі ў NATO робіць для Захаду выпрацоўку рашэньня яшчэ больш складанай. Заразумела, ўключэньне Расеі ў Захад – найбольш надзейны шлях абясшкоджваньня расейскае пагрозы. Заява Пуціна, відавочна, заклікана аслабіць ціск на Расею з боку Захаду, пашырыць эканамічнае супрацоўніцтва, згорнутае ў сувязі з чачэнскай вайною. І ўсё ж у заяве Пуціна можна ўбачыць ня толькі палітычную кан’юнктуру. Нагадаем, што падобныя заявы гучалі толькі з вуснаў Барыса Ельцына напачатку 90-х, у рамантычны пэрыяд расейскае дэмакратыі, а зараз – толькі ад Баравога ды Навадворскай. Да апошняга часу, асабліва пасьля Косаўскае кампаніі, пераважная бальшыня расейскае палітычнай эліты лічыла ці не абавязкам слаць праклёны NATO ў савецкім стылі. Пуцін ідзе супраць гэтае тэндэнцыі, ў чым ёсьць пэўная рызыка, асабліва напярэдадні выбараў. Але ідэя, якую ён агучыў, у прынцыпе сумяшчальная з тугой расейцаў пра статус вялікае дзяржавы. Спроба вярнуць веліч, змагаючыся з Захадам, прывяла да ізаляцыі Расеі, яна засталася ў адзіноце разам з Таджыкістанам, дзе йдзе вайна, і Беларусьсю на чале зь яе дзіўным кіраўніком. Наўрад ці такое становішча спараджае нацянальную самапавагу. Як ня дзіўна, але стаць калі не вялікай, дык хаця б проста нармалёвай краінаю Расея можа толькі празь інтэграцыю з Захадам. У афіцыйнага Менску ход Пуціна выклікаў пэўную разгубленасьць. Для Лукашэнкі гэта – чарговая аплявуха, чарговая дэманстрацыя, што ягоны савецкі рамантызм усё больш не адпавядае ўсясьветным реаліям. Кіраўнік Беларусі заўсёды з задавальненем выконваў ролю рупару, празь які Крэмль агучваў свае антыNATOўскія заявы. За гэтыя свае паслугі Лукашэнка атрымліваў пэўную плату ад Масквы, прычым плата была тым большай, чым больш напружанымі былі стасункі Расеі ды Захаду. Каб атрымаць яшчэ больш, беларускі кіраўнік часам рабіў рэвэрансы і ў бок аб’екту сваіх праклёнаў. Па прыклады далёка хадзіць ня трэба: на мінулым тыдні пад час размовы з прадстаўнікамі эўрапейскіх парлямэнцкіх арганізацыяў Лукашэнка заклікаў іх не выціскаць Беларусь з Эўропы, бо йнакш яна будзе шукаць сябе хаўрусьнікаў па-за межамі эўрапейскага полю. Прыбыткі ад такое палітыкі былі ня вельмі вялікія, але неяк існаваць дазвалялі. Нават калі праNATOўская заява Пуціна – проста даніна кан’юнктуры, магчымасьці беларускага кіраўніка звужаюцца: у Масквы на пэўны час зьнікае патрэба ў антыNATOўскім рупары і, адпаведна, няма патрэбы нешта плаціць асобе, якая гэтую няўдзячную ролю выконвала. Ну, а калі гэта – сапраўдны паварот ў расейскай палітыцы (у што, шчыра кажучы, паверыць цяжка), тады палітычнае становішча Лукашэнкі робіцца й зусім незайздросным. На шляху Расеі ў Эўропу, у NATO Лукашэнка робіцца зусім непатрэбным цяжарам. Юры Дракахруст, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |