RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 3 Сакавіка 2000

Сёньня:



Стыхійны сход гандляроў адбыўся сёньня на “Камароўскім кірмашы” ў Менску. На ім было абвешчана, што з 1 красавіка на “Камароўцы” скарачаецца 600 працоўных месцаў.

Непрыемную зьвестку на “Камароўку” прынесьлі лідэры прафэсійнага саюзу “Садружнасьць”. Мая Сінайская, намесьнік старшыні гэтага прафэсійнага саюзу, паведаміла, што ўчора сталічны гарадзкі выканаўчы камітэт прыняў рашэньне рэканструяваць кірмаш.

Плян рэканструкцыі прадугледжвае закрыцьцё значнае часткі тэрыторыі “Камароўкі” – а менавіта той, дзе гандлююць харчовымі таварамі. Там у адпаведнасьці з рашэньнем гарадзкога выканаўчага камітэту плянуецца будаўніцтва аўтамабільнае стаянкі. І ўжо 1 красавіка пляцоўка пад яе павінна быць ачышчаная ад гандлёвых шэрагаў.

Між тым, на гэтай тэрыторыі працуе каля шасьці соцень прадстаўнікоў дробнага бізнэсу. Сёньняшняя навіна сталася для іх поўнай нечаканасьцю.

Гэткім жа нечаканым рашэньне гарадзкіх уладаў аказалася й для прафэсійнага саюзу “Садружнасьць”. Рэч у тым, што ўсяго 10 дзён таму ягоныя лідэры правялі ў гарадзкім выканаўчым камітэце перамовы наконт “Камароўкі”. Была дасягнутая дамоўленасьць, што дзевяцьсот “чаўнакоў” рэчавае часткі кірмашу ўлады працаўладкуюць да 15 красавіка. Што ж тычыцца гандляроў харчаваньнем, то чыноўнікі паабяцалі іх навогул не чапаць – з прычыны сацыяльнае важнасьці іхнае працы.

Бо прадукты на “Камароўцы” купляе большая частка жыхароў Менску. Падлічана, што ўдзень “Камароўскі кірмаш” наведвае каля ста тысячаў чалавек. Гэта тлумачыцца нізкімі цэнамі, якія адрозьніваюцца ад цэнаў дзяржаўных крамаў на 30, а то й на 50 адсоткаў.

І вось дамоўленасьці парушаныя. У прадпрымальнікаў гэта выклікала абурэньне. На стыхійным сходзе гаварылі пра тое, што неабходна абараняць свае інтарэсы. З гэтым пагадзіліся й лідэры “Садружнасьці”. Гандляры папрасілі іх зарганізаваць акцыю пратэсту. Была прапанаваная і дата такой акцыі – 25 сакавіка, у дзень чарговых угодкаў Беларускае Народнае Рэспублікі, калі Беларускі Народны Фронт мяркуе правесьці шэсьце па вуліцах Менску.

Камароўскія гандляры, як прагучала на сёньняшнім сходзе, гатовыя падтрымаць БНФ. Гаворыць яшчэ адзін лідэр “Садружнасьці” Кацярына Навумовіч:

“Наша акцыя будзе супадаць зь іхнай акцыяй – дык гэта добра. Таму што гэта на самой справе адлюстроўвае тое, што адбываецца зараз у Беларусі. У Беларусі яе грамадзянаў адсоўваюць ад удзелу ў кіраваньні краінаю. І іхныя месцы займаюць грамадзяне іншых дзяржаваў, найперш Расеі. Апроч таго, БНФ акажа нам арганізацыйную падтрымку”, – патлумачыла спадарыня Навумовіч.

Міхал Стэльмак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org