RFE/RL |
Пятніца, 3 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
У судзе Ленінскага раёну Менску адбыўся суд над Цімохам Дранчуком, Леанідам Малахавым і Піліпам Клікушыным, якія зарганізавалі ў сераду несанкцыянаваны пікет каля прэзыдэнцкай адміністрацыі. Пікетоўцы патрабавалі ад Аляксандра Лукашэнкі вярнуць зьніклых Віктара Ганчара, Юрыя Захаранку і Анатоля Красоўскага. За гэта судзьдзя Алена Церашкова пакарала іх пяцісуткавым адміністрацыйным арыштам. Пасьля вынясеньня прысуду апазыцыянэры абвясьцілі галадоўку. З самага пачатку працэсу апазыцыянэры заявілі, што іхнай мэтаю было не пікетаваньне адміністрацыі, а перадача ў прэзыдэнцкую прыёмную пэтыцыі памерам 1х3 мэтры з надпісам “Лукашэнка! Вярні Ганчара, Захаранку й Красоўскага!” Аднак дзе канкрэтна знаходзіцца тая прыёмная, падсудныя ня ведалі, і таму пайшлі непасрэдна да галоўнага пад’езду адміністрацыі. Там іх і затрымалі супрацоўнікі службы бясьпекі. Дранчук, Малахаў і Клікушын паведамілі суду, што прадстаўнікі спэцслужбы, бальшыня зь якіх была ў цывільным, нават не назвалі сябе, нічога не тлумачылі, забралі транспарант і затрымалі іх. Гэтыя паказаньні апазыцыянэраў фактычна пацьвердзілі й сьведкі – прадстаўнікі службы бясьпекі Лукашэнкі Сяргей Доўнар, Міхал Мірановіч і Сяргей Дубоўскі. Аднак яны сьцьвярджалі, што не павінныя былі нікому называць сябе. Іхнай задачаю было затрымаць парушальнікаў, што знаходзіліся ў ахоўнай зоне, што яны й зрабілі, прыхапіўшы ў пастарунак і трох журналістаў. На просьбу грамадзкага абаронцы аднаго з падсудных, прадстаўніка Гэльсынскага камітэту Алега Гулака патлумачыць, адкуль маглі апазыцыянэры ведаць, у якой зоне знаходзяцца, і ці пазначана як-небудзь тая зона ля будынку адміністрацыі, прапаршчык службы бясьпекі Дубоўскі з гонарам паведаміў, што “наш прэзыдэнт ад народа не адгароджваецца”. Судзьдзя Алена Церашкова прыйшла да высновы, што 18-гадовы Цімох Дранчук, 24-гадовы Піліп Клікушын і 34-гадовы Леанід Малахаў вінаватыя ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету, і паколькі раней усе яны прыцягваліся за падобныя дзеяньні да адміністратыўнага суду, дала кожнаму пяць сутак арышту. Вось што паведаміў нашаму радыё пасьля абвяшчэньня прысуду Леанід Малахаў: “Я думаю, што было распараджэньне зьверху, якія санкцыі да нас ужыць і якое вынесьці пакараньне. Папярэдне расьпісаны сцэнар. Мы распачынаем галадоўку, бо ня згодныя з прысудам, і на знак салідарнасьці зь Віктарам Ганчаром, які ў гэтыя ж дні год таму распачаў галадоўку з нагоды ягонага незаконнага арышту”, – заявіў Леанід Малахаў. А вось як пракамэнтаваў судовы вырак выканаўчы дырэктар Беларускага Гэльсынскага камітэту Алег Гулак: “На жаль, толькі такіх вынікаў і можна было чакаць. Наадварот было б неяк незразумела, калі б вынік быў апраўдальным. Гэта ўжо настолькі адпрацавана нашымі судамі, у прыватнасьці судзьдзёй Церашковай. Я думаю, што нават ня трэба было прасіць дазволу ці ўзгадняць са сваім кіраўніцтвам канкрэтны прысуд, бо гэта ўжо добра адпрацаваная сыстэма”, – паведаміў спадар Гулак. Асуджаныя Цімох Дранчук, Леанід Малахаў і Піліп Клікушын, якія ўжо ў судзе распачалі галадоўку, выйдуць на волю толькі 8 сакавіка. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |