RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 3 Сакавіка 2000

Сёньня



Сёньня былы Чылійскі дыктатар Аўгуста Піначэт вярнуўся на радзіму. Пазьбегнуць суду ў Гішпаніі пасьля 16 месяцаў хатняга арышту ў Вялікай Брытаніі Піначэт здолеў адно з прычыны здароўя – паводле лекараў, ён ўжо ня ў стане зразумець, што дзеецца навокал. За справай пільна сачылі іншыя былыя дыктатары, якія хаваюцца ў розных краінах сьвету. Камэнтар Аляксандра Лукашука.

Невядома дакладна, што адчувалі Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Юры Захаранка, Генадзь Карпенка, калі ў лістападзе 1998-га брытанская Палата лёрдаў вынесла беспрэцэдэнтны ў міжнародным праве вэрдыкт: у справе катаваньняў няма імунітэту. Прэзыдэнты, канцлеры, кіраўнікі дзяржаваў могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці за злачынствы сваіх рэжымаў. Піначэт вярнуўся дахаты, бо ня ў стане, паводле мэдыкаў, ясна арыентавацца ў рэальнасьці. Псыхічна нездаровых ня судзяць.

Пасьля заканчэньня халоднай вайны шмат якія краіны пачалі менш баяцца пагрозы свайму сувэрэнітэту звонку і больш прыхільна ўспрымаць паняцьце міжнароднае злачыннасьці і міжнроднай юрысдыкцыі над злачынцамі. Спатрэбілася паўстагодзьдзя, каб пасьля трыбуналаў, што судзілі ваенных злачынцаў у Нюрнбэргу і Токіё, пачаў дзейнічаць трыбунал у Гаазе, дзе судзяць за злачынствы у былой Югаславіі і Руандзе.

Сёньня ў кабінэце дырэктара праваабарончай арганізацыяі Humаn Rights Watch Рыда Бродзі вісіць мапа з фотаздымкамі 29 пэрсонаў – былых дыктатараў, якія паўцякалі са сваіх краінаў. Іды Амін, дыктатар з Уганды, які зараз вырошчвае гародніну ў Саўдаўскай Аравіі, апроч традыцыйных зьверстваў, праславіўся простай ухвалай Гітлера; эфіёп з марксісцкім ухілам Менгісту Хайле Марыям хаваецца ў Зімбабвэ, былы дыктатар Гаіці Жан Клод Дувальэ пасьля разводу з жонкай, якая прыхапіла ўсе грошы, бадзяецца невядома дзе па Францыі, парагваец Альфрэда Стрэснэр ўцёк у Бразілію…

Гісэна Габрэ, былога дыктатара Чаду, якога падтрымлівалі ЗША і Францыя як супрацьвагу Лівіі, абвінавачваюць у 40 тысячах забойстваў і 200 тысячах выпадкаў катаваньняў. Ён жыве ў Сэнэгале, і супраць яго ужо ўзбуджаная крымінальная справа – і штуршком паслужыла якраз справа Піначэта.

Дырэктар Humаn Rights Watch Рыд Бродзі гаворыць, што ў пошуках былых дыктатарў галоўны матыў – ня помста за мінулыя злачынствы, а папярэджаньне новых. Кіраўнікі дыктатарскіх і аўтарытарных рэжымаў мусяць ведаць, што за злачынствы давядзецца адказваць, і ў сьвеце ня будзе ніякай дзяржавы ці сілы, якая здолее іх абараніць.

Судовы перасьлед дыктатарў – новая справа, яна патрабуе сыстэматычнага збору сьведчаньняў, карпатлівай юрыдычнай падрыхтоўкі. Застаюцца нявырашанымі праблемы юрысдыкцыі – напрыклад, адна справа, калі былога кіраўніка дзяржавы судзіць міжнародны суд, іншая – калі любы судзьдзя можа выпісаць ордэр на падарожніка, які некалі кіраваў краінай. Калізіі могуць узьнікнуць, напрыклад, у справе нацыянальнага ці міжнацыянальнага замірэньня – кіраўнікі Арганізацыі Вызваленьня Палестыны і Ізраіля ня раз абвяшчалі адно аднаго тэрарыстамі, пакуль ня мусілі сесьці за стол перамоваў. Істотная праблема коштаў. Паводле газэты “Wall Street Journal”, затрыманьне Піначэта абыйшлося брытанскім падаткаплацельшчыкам у суму 15 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.

І ўсё ж гэта праблемы цалкам пераадольныя для ХХ1 стагоддзя – і справа генэрала Аўгуста Піначэта сьведчыць, у якім накірунку яны будуць вырашацца незалежна ад краіны пражываньня і колькасьці праведзеных рэфэрэндумаў у падтрымку сваёй палітыкі.

Аляксандар Лукашук, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org