RFE/RL |
Пятніца, 3 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Сьведкі ў справе экс-прэм’ера Міхала Чыгіра адзін за другім абвяргаюць абвінавачаньні ў тым, што Міхал Чыгір парушаў правілы выдачы крэдытаў пад час кіраваньня Белаграпрамбанкам. У прыватнасьці, Уладзімер Блізьнец, адзін са старэйшых банкаўскіх спэцыялістаў у Беларусі, заявіў сёньня суду, што Міхал Чыгір ні на крок не адступаў ад законаў, і ягоныя дзеяньні не нанесьлі банку стратаў. Сёньня працягвалася апытаньне сьведкаў у справе Міхала Чыгіра. Перад судом выступілі ўжо чатыры сьведкі, зьвязаныя з “Белаграпрамбанкам”, старшынём якога працаваў Міхал Чыгір. Паводле вэрсіі сьледзтва, на гэтай пасадзе Чыгір злоўжываў сваім становішчам, што прывяло да грашовых стратаў банку й таму павінна кваліфікавацца як злачынства. У прыватнасьці, быццам бы Чыгір з парушэньнямі выдаў прынамсі тры крэдыты. Сьведкі такія высновы катэгарычна абверглі. Міхал Чыгір пракамэнтаваў вынікі слуханьняў наступным чынам… (Чыгір: ) “Калі слухаць усё, што тут адбываецца, мы павінны прызнаць, што падаткаплацельшчыкі плоцяць ні за што грошы пракуратуры, суду. Гэта надуманая справа. Дзяржава траціць сродкі і больш нічога. Вы ж памятаеце выказваньні – была нармальная праца банку”. – гэта быў камэнтар Міхала Чыгіра. Прысутным у зале цяжка будзе не пагадзіцца з высновамі экс-прэм’ера наконт марнаваньня грошай, калі яны сапраўды ўважліва слухалі сьведкаў. Дзейны кіраўнік валютна-эканамічнае ўправы “Белаграпрамбанку” Ўладзімер Блізьнец, у прыватнасьці, катэгарычна заявіў суду, што крэдыты пад кіраўніцтвам Чыгіра выдаваліся законна і з выкананьнем усяе неабходнае працэдуры. Сьведка сам на даручэньне Чыгіра правяраў фірмы, якія зьвярталіся па крэдыты. “На календары быў 1993 год, адмысловых інструкцыяў адносна выдачы менавіта валютных крэдытаў яшчэ не было, і мы дзейнічалі па звычайнай інструкцыі, але ні на крок ад яе не адступалі”, – запэўніў Уладзімер Блізьнец. Ён, дарэчы, лічыцца адзным з самых аўтарытэтных спэцыялістаў менавіта ў галіне валютных апэрацыяў. Блізьнец адпрацаваў у банках больш за 50 гадоў, у свой час узначальваў беларускую філію “Внешэкономбанка” СССР. Сьведка ня згодны зь нядаўняй высноваю намесьніка старшыні Нацыянальнага банку Беларусі Андрэевай, якая заявіла сьледзтву, што, выдаючы валютныя крэдыты, “Белаграпрамбанк” парушаў інструкцыі. “Гэта была абарона мундзіра”, – сказаў Уладзімер Блізьнец. Таксама вельмі важнай ягонай заяваю было абвержаньне заявы сьледчых, быццам ён сказаў, што Чыгір не даваў даручэньня правяраць фірмы, якія зьвярталіся па крэдыты. “Гэтыя зьвесткі ў абвінаваўчым заключэньні ілжывыя, я такіх паказаньняў пад час сьледзтва не рабіў”, – заявіў суду Ўладзімер Блізьнец. Аб’ектам асаблівае ўвагі суду стала таксама пытаньне, ці зьяўляўся Чыгір сузаснавальнікам фірмы “Каруна”, якая мела пэўнае дачыненьне да канадзкага бізнэсоўцы Майзэрса, чыя фірма бралася будаваць новы офіс банку. Сьледзтва спрабуе даказаць, што Міхал Чыгір быў у сузаснавальніках фірмы, экс-прэм’ер гэта адвяргае. І вось у суд былі запрошаныя сапраўдныя сузаснавальнікі “Каруны” Сяргей Бубер і Мікалай Хоміч. Абодва на пытаньне пра Чыгіра заявілі, што, паводле іхных зьвестак, ён да фірмы “Каруна” ня мае дачыненьня. Сяргей Бубер потым паўтарыў гэта адмыслова для нашага радыё: “…Я ўжо казаў у судзе й на сьледзтве, што ў мяне няма дакумэнтаў, у якіх бы Чыгір фігураваў як сузаснавальнік. Сьледзтва мне паказвала нейкія паперы, у якіх ёсьць прозьвішча Чыгіра, аднак у мяне такіх дакумэнтаў, хаця я быў заснавальнікам, чамусьці не было”, – сказаў Сяргей Бубер. З судом ён таксама падзяліўся сваімі меркаваньнямі, чаму не адбылося будаўніцтва новага офісу банку і ў выніку быў страчаны аванс – мільён даляраў, пераведзены канадцам. Бубер, які працаваў прадстаўніком супольнай з канадцамі фірмы, заявіў, што новае кіраўніцтва “Белаграпрамбанку” на чале з Застаўнюком спыніла будаўніцтва, хаця магчымасьці прпацягваць будоўлю былі. Бубер не выключае, што Застаўнюк толькі імітаваў цікавасьць да працягваньня супрацоўніцтва з канадцамі, бо ў той час у банку пачалі абмяркоўваць кандыдатуру новага будаўніка – фірмы “Мюлерсэй” са Швайцарыі. Адвакат Аляксандар Пыльчанка ў гэтай сувязі нагадвае пра наступнае: “…У матэрыялах справы ёсьць недзе 16 аркушаў, фактычна аднолькавага тэксту, дзе Застаўнюк быццам бы зьвяртаецца да Майзэлса, што ён ня можа працягваць будаўніцтва ў сувязі зь цяжкасьцямі ў банку”, – згадвае адвакат. Паводле аднае з вэрсіяў, на самой справе Застаўнюк зьвяртаўся да Майзэлса не больш як два разы, але потым гэтыя лісты былі прадубляваныя і падшытыя ў справу, каб даказаць, што новае кіраўніцтва банку адразу адмовілася ад праекту, паколькі палічыла яго невыканальным. Міхал Чыгір ды сьведкі й зараз упэўненыя, што магчымасьць пабудаваць новы офіс была. Экс-прэм’ер кажа: (Чыгір: ) “Гэта была вялікая памылка банка. У цэнтры гораду, дзе была магчымасьць пабудаваць асобны ўваход у мэтро, пасьля першага паверху дастаткова было даць абвестку, што прадаюцца плошчы… Сабекошт аднаго квадратнага мэтра там быў 950 даляраў, дык за 2000 тысячы даляраў гэтыя плошчы можна было б прадаваць. Гэтая пабудова наогул магла б банку нічога не каштаваць, а банк меў бы сабе офіс”. (Карэспандэнт: ) “Вы ж ўжо былі прэм’ерам, а чаму не пастаялі за тое, каб яны давялі гэтую справу да канца?” (Чыгір: ) “Ну вы ведаеце, прыйшоў іншы старшыня праўленьня, іншае кіраўніцтва… Тым больш, што мне аднойчы прэзыдэнт сказаў: “Ня ўмешвайся ў дзейнасьць банку, я цябе ніколі не пушчу туды назад працаваць”. Я ня ўмешваўся”. Гэта быў былы старшыня “Белаграпрамбанку” й прэм’ер Беларусі Міхал Чыгір, якога цяпер судзяць у Менскім гарадзкім судзе. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |