RFE/RL |
Пятніца, 3 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
У Менску скончылася двухдзённая канфэрэнцыя, прысвечаная пытаньням стварэньня інфармацыйнай інфраструктуры прыватнага бізнэсу. Яе праводзілі Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў, Саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага пры фінансавай падтрымцы Амэрыканскага Цэнтру міжнароднага прыватнага прадпрымальніцтва. Моц міжнароднага бізнэсу непараўнальна большая за рэсурсы любых дзяржаваў. Вельмі яскрава пра гэтым сьведчыць прыклад, які прывёў на канфэрэнцыі віцэ-прэзыдэнт Цэнтру міжнароднага прыватнага прадпрымальніцтва й віцэ-прэзыдэнт Гандлёвае палаты ЗША Ўілард Ўоркман. Ён сказаў, што праз Нью-Ёрскі «Чэз Манхэтэн Банк» за 11 хвілінаў праходзяць сумы, якія пераўзыходзяць гадавыя аб'ёмы дапамогі замежным дзяржавам з боку Амэрыкі, Заходняй Эўропы і Японіі разам узятых. Як разняволіць беларускі бізнэс, як прасоўваць ідэі і прынцыпы свабоднага рынку – пра гэта гаварылі ўдзельнікі канфэрэнцыі. Амбасадар ЗША Дэніэл Спэкгард падкрэсьліў, што трэба разбураць міт, нібыта посьпех бізнэсу – гэта посьпех толькі ягонага ўладальніка, трэба тлумачыць, што гэта вядзе да падвышэньня дабрабыту ўсяго насельніцтва. «Я з болем бачу, як Беларусь губляе свае незвычайныя магчымасьці», – сказаў спадар Спэкгард. Ён пералічыў гэтыя перавагі: добра падрыхтаваная працоўная сіла, высокая працоўная этыка, выгоднае гэаграфічнае становішча. Неспрыяльнае асяродзьдзе, у якім працуе беларускі бізнэс, адзначалі ўсе айчыныя ўдзельнікі канфэрэнцыі. Зь вялікай цікаўнасьцю яны слухалі выступ прэзыдэнта Летувіцкага інстытуту свабоднага рынку Алены Лявонцевай пра досьвед прасоўваньня прынцапаў эканамічнае свабоды. Напачатку 90-х гадоў інстытут спадарыні Лявонцевай змагаўся за ўсталяваньне жорсткай прывязкі літа да даляру. І вось ужо 6 гадоў літ, які каштуе роўна чвэрць даляру, стаў ці не сымбалем Летувы. «Мы выкарыстоўваем усе сродкі, працуем з любым урадам, каб зрабіць яго больш прыхільным да вольнага рынку», – сказала спадарыня Лявонцева. Я спытаў Алену Лявонцеву, як, на ейны погляд, стан бізнэсу ў Летуве адрозьніваецца ад стану прадпрымальнікаў на Беларусі. «У прадпрымальнікаў у Летуве нашмат больш свабоды й адпаведна больш значныя дасягненьні. У Беларусі для бізнэсмэнаў шмат перашкодаў, каб дасягнуць сваіх мэтаў, і іхны посьпех залежыць ад таго, як яны могуць дамовіцца зь дзяржаўнымі структурамі. Але ўсё роўна яны праходзяць школу рынку. І калі ў Беларусі будзе эканамічная свабода, яны дасягнуць значных посьпехаў», – лічыць прэзыдэнт Летувіцкага інстытуту свабоднага рынку Алена Лявонцева. Беларусь ізалюе сябе ня толькі палітычна, але й эканамічна. Як паведаміў віцэ-прэзыдэнт Гандлёвае палаты ЗША Ўілард Ўоркман, у палату уваходзяць тры мільёны фірмаў, але толькі 20 зь іх праяўляюць інтарэс да супрацоўніцтва з сучаснай Беларусьсю. Ў інтэрвію «Радыё Свабода» ён сказаў: (Ўоркман: ) «Беларускі бізнэс можа дапамагчы сам сабе шляхама аб'яднаньня ў асацыяцыі, якія б даносілі да народу і ўраду тыя праблемы, якія існуюць у бізнэсе. Амэрыканскі бізнэс можа дапамагчы, падтрымліваючы гэтыя асацыяцыі. Гэта трэба й для беларускага, і для амэрыканскага бізнэсу. Празь нейкі час мы станем канкурэнтамі, але мы зацікаўленыя ў гэтым. Добрае суперніцтва робіць бізнэс лепшым». На маё пытаньне, як ён ацэньвае пэрспэктывы беларускага бізнэсу, спадар Ўоркман адказаў: «Я думаю, што будучыня ў беларускага бізнэсу ёсьць. Нягледзячы на неспрыяльнае асяродзьдзе, вашыя бізнэсоўцы працуюць і супрацоўнічаюць з замежнымі кампаніямі. Калі ж для іх стварыць спрыяльныя ўмовы, уявіце сабе, як шмат яны змогуць зрабіць. На жаль, зараз яны вымушаныя плыць супраць плыні. Калі вы зьменіце ўмовы, ваш бізнэс зможа стварыць канкурэнцыю ў любой краіне сьвету», – мяркуе віцэ-прэзыдэнт Гандлёвае палаты ЗША Ўілард Ўоркман. Супадзеньні ў часе часта атрымліваюцца вельмі сымбалічнымі. У той час, калі ў Менску прадстаўнікі беларускага, летувіцкага й амэрыканскага бізнэсу абмяркоўвалі, як вызваліць беларускае прадпрымальніцтва ад ціску дзяржавы, у Маскве беларускія і расейскія чыноўнікі таксама абмяркоўвалі шляхі супрацоўніцтва ў галіне прадпрымальніцтва. Як паведаміў супрацоўнік беларускага Міністэрства прадпрымальніцтва ды інвэстыцыяў Мікалай Раманоўскі, адпаведная «саюзная» праграма распрацаваная на базе беларускай мадэлі дзяржаўнае палітыкі ў галіне разьвіцьця прыватнага бізнэсу, прызнанай «саюзьнікамі» лепшай на тэрыторыі СНД. Юры Дракахруст, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |