RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 3 Сакавіка 2000

Сёньня:



“Мы асьцярожна аптымістычныя”, – гэтак ацаніў вынікi візыту эўрапейскае “тройкі” ў Менск спадар Ян Вірсма, старшыня падгрупы ў справах Беларусі Эўрапарлямэнту. Сёньня ў Менскім адукацыйным цэнтры прайшла вынікавая канфэрэнцыя эўрапейскіх пасланьнікаў.

“Мы былі расчараваныя прыпыненьнем перамоўнага працэсу, пачатага ў мінулым годзе. Тым ня менш мы ўхваляем жаданьне, выказанае абодвума бакамі знайсьці прымальнае рашэньне сур’ёзных палітычных складанасьцяў, і гэта дае нам некаторыя падставы дзеля асьцярожнага аптымізму адносна далейшага разьвіцьця падзеяў”, – гэткія словы гучаць у афіцыйнай заяве парлямэнцкае “тройкі” паводле вынікаў трохдзённага візыту ў Беларусь.

Увогуле, усе сёньняшнія выказваньні эўрапейскіх пасланьнікаў былі вытрыманыя ў падобных памяркоўных дыпляматычных танох. Так, адказваючы на пытаньне пра зрыў раней падпісаных пагадненьняў, кіраўнік рабочае групы ў справах Беларусі парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Севярын адзначыў, што безумоўна, у цывілізаваных краінах забавязаньні павінны выконвацца.

Пры гэтым румынскі дыплямат спаслаўся на тое, што сёньня Аляксандар Лукашэнка пад час сустрэчы з тройкай настойваў, што Беларусь – цывілізаваная дзяржава. Але разам з тым, адзначыў Севярын, “мы ня можам заплюшчваць вочы на тое, што шэраг беларускіх апазыцыйных палітыкаў здолелі за апошні час зьявіцца ў дзяржаўных мас-мэдыях. Мы разумеем, што гэтага недастаткова”, – прызнаў спадар Севярын, – “але гэта штосьці, гэта пэўны прагрэс. Нейкі прагрэс лепш за адсутнасьць прагрэсу”.

Наўрад ці можна назваць крокам ды дыялёгу словы Аляксандра Лукашэнкі, які пад час сёньняшняй сустрэчы з эўрапейскімі пасланьнікамі заявіў, што Беларусі не патрэбна кансультацыйна-наглядальная група АБСЭ, паколькі, маўляў, тут няма войнаў ці канфліктаў.

Пасьля заканчэньня прэсавае канфэрэнцыі я спытаў дакладніка ў справах Беларусі палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Вольфганга Бэрэндта, як ён ацэньвае гэтую заяву Лукашэнкі?..

“Мы выказалі сваю моцную нязгоду з гэтым. Мы думаем, што Кансультацыйна-назіральная група зрабіла добрую працу. Дзякуючы іхнай уплывовасьці, была дасягнутая гатоўнасьць апазыцыі да перамоваў. Я думаю, неабходна ў рамках гэтага дыялёгу, каб КНГ працягвала сваю працу, і мы далі гэта зразумець пад час нашае дыскусіі з прэзыдэнтам”, – сказаў спадар Бэрэндт.

Прадстаўнікі тройкі адзначылі, што бачаць дыялёг, як пачатак таго працэсу, які павінен прывесьці да пэўнага кансэнсусу наконт Выбарчага кодэксу. “Для нас прымальнае рашэньне – гэта згода абодвух бакоў наконт кодэксу. Гэта будзе найважнейшай перадумоваю да свабодных выбараў”, – адзначыў Вольфганг Бэрэндт. А прадстаўнік Эўрапарлямэнту Ян Вірсма адзначыў, што Эўрапейскія структуры ня будуць пасылаць назіральнікаў на парлямэнцкія выбары, калі яны будуць праходзіць паводле існуючага сёньня выбарчага кодэксу.

І яшчэ адна важная цытата з выніковай афіцыйнай заявы “тройкі”.

“Мы лічым, што ўсе бакі павінны ўдзельнічаць у дыялёгу, які мусіць прывесьці да шырокага кансэнсусу ў рамках і ва ўмовах, якія бы дазволілі правесьці ўвосень свабодныя дэмакратычныя выбары, якія будуць прызнаныя легітымнымі міжнароднай супольнасьцю. Мы лічым, што беларускімі ўладамі павінны быць прынятыя неадкладныя захады да паляпшэньня клімату даверу на перамовах, якія б уключалі й поўнае выкананьне раней дасягнутых пагадненьняў”, – гаворыцца ў заяве парлямэнцкае “тройкі” па выніках візыту ў Беларусь.

Віталь Цыганкоў, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org