RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 2 Сакавіка 2000

Сёньня



Былы чылійскі дыктатар генэрал Аўгуста Піначэт сёньня пакінуў Вялікую Брытанію, дзё ён больш як год знаходзіўся пад хатнім арыштам і накіраваўся у Чылі. Сёньня брытанскія ўлады прынялі канчатковае рашэньне, што Піначэт з-за стану ягонага здароўя ня можа быць выдадзены Гішпаніі, якая дамагалася суду над ім.

84-гадовы Піначэт пакінуў Вялікую Брытанію на самалёце чылійскіх ваенна-паветраных сілаў, які, як мяркуецца, прыбудзе ў Санцьяга заўтра раніцай. Самалёт забясьпечаны міні-шпіталем.

Рашэньне вызваліць генэрала прыняў брытанскі міністар унутраных справаў Джэк Стро. Як адзначае агентцтва Аssotiated Press, рашэньне грунтавалася на мэдыцынскім заключэньні групы незалежных экспэртаў, якія прыйшлі да высновы, што абмежаваныя разумовыя здольнасьці Піначэта робяць немагчымым яго ўдзел у судзе. Вось урывак заявы Джэка Стро:

(Стро: ) “Прынцып, што абвінавачаны мусіць быць разумова здольны ўсьведамляць ход працэдуры, парады адвакатаў і даваць зьвязныя сьведчаньні – гэты прынцып ляжыць у аснове ідэі справядлівага суду. Суд над абвінавачаным у такім стане, які дыягнаставаны ў сэнатара Піначэта, і з такімі абвінавачаньнямі, якія яму прад’яўляюцца ў гэтай справе, ня можа быць справядлівым ні ў воднай з краінаў,”

– заявіў міністар унутраных справаў Брытаніі Джэк Стро.

Старэйшы сын Піначэта – Аугуста Марка Антоніо сказаў, што бацька прыняў пастанову аб вызваленьне спакойна, як гэта яму ўласціва заўсёды, без паказу сваіх пачуцьцяў і эмоцыяў.

Апанэнты Піначэта таксама прынялі гэтую навіну спакойна, але не губляюць надзеі, што пажыцьцёвы сэнатар можа яшчэ паўстаць перад судом на радзіме. “Мы не павінны засмучацца, – сказала Вівіана Дзіас, старшыня групы дысыдэнтаў у Санцьяга. – Ён вернецца ў Чылі, але вернецца не як чалавек, абвешчаны невінаватым. Ён вяртаецца, абвінавачаны ўсім сьветам, дзякуючы гішпанскай і брытанскай судовай сістэмам.”

Нагадаю, у Чылі афіцыйна прызнана, што падчас 17 гадовага праўленьня Піначэта ў Чылі загінулі або прапалі бязь вестак 3 197 чалавек. Правабарончыя арганізацыі, напрыклад, Ню-Ёркскае адзьдзяленьне Human Rights Watch схарактарызавалі рашэньне міністра Стро “як страшнае расчараваньне для тысячаў ахвяраў Піначэта”.

Тым ня менш, як адзначае Аssotiated Press у сваім сёньняшнім камэнтары, сам факт затрыманьня Піначэта і наступныя захады многіх дзяржаваў ствараюць прэцэдэнт у міжнародным праве. Упершыню дыктатар, так бы мовіць, на пэнсіі атрымаў яснае папярэджаньне, што ён больш ня можа разьлічваць на непадлегласьць суду, будучы дома ці за мяжою.

Алена Ціхановіч, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org