RFE/RL |
Чацьвер, 2 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
У судзе Савецкага раёну Менску сёньня слухалася справа сябра рады Свабоднага прафэсійнага саюзу мэталістаў Зьміцера Пліса. Ён абскарджваў вынесенае яму ўладамі адміністрацыйнае пакараньне. Справу Зьміцера Пліса разглядаў судзьдзя Руслан Аніскевіч. Ён паведаміў, што прафсаюзны актывіст лічыць неабгрунтаваным студзеньскае рашэньне адміністрацыйнае камісіі пры Савецкім раённым выканаўчым камітэце аб пакараньні яго штрафам. Зьміцера Пліса аштрававалі за распаўсюджваньне ўлётак Свабоднага прафэсійнага саюзу Менскага аўтазаводу. Але ўлётак адметных… Гаворыць Зьміцер Пліс: “На інфармацыю Свабоднага прафэсійнага саюзу – гэта значыцца, на тую ўлётку, якая была далучаная да матэрыялаў справы, была наклеена этыкетка з выяваю забараняючага знака. Знака з шэрагу тых, што рэгулююць правілы руху на дарогах. Дык вось, на фоне гэтага знака быў схэматычна адлюстраваны твар чалавека, падобнага на вельмі вядомую ў Беларусі асобу. Зьверху гэтай этыкеткі напісана лацінскімі літарамі “STOP”, а ўнізе таксама лацінскімі літарамі “LUKA”, – патлумачыў Зьміцер Пліс. У судзе ён распавёў сёньня, што гэтую прафсаюзную ўлётку ён не распаўсюджваў. І што адміністрацыйная камісія пры раённым выканаўчым камітэце бяздоказна палічыла яго вінаватым ды пакарала штрафам памерам паўтары тысячы новых рублёў. Якраз гэты доказ і мусіў дасьледаваць судзьдзя Аніскевіч. Высьветлілася, што выканкамаўская камісія прымала рашэньне на падставе міліцэйскага пратаколу й пісьмовых сьведчаньняў двух прадстаўнікоў адміністрацыі МАЗу. Паводле іхных дакумэнтаў, Пліс распаўсюджваў улёткі летась 16 сьнежня. У той дзень, як вядома, ля прахадной МАЗу міліцыя затрымала сямёх прадстаўнікоў дэмакратычных прафэсійных саюзаў. Пазьней яны былі абвінавачваныя ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу. Быў у іх ліку й Зьміцер Пліс. Ён заявіў на сёньняшнім працэсе, што стаўся ахвяраю фальсыфікацыі. Аўтар міліцэйскага пратаколу – старэйшы лейтэнант Зязюлін з Заводзкага РАУСу – пасіўна абараняў на судзе сваю пазыцыю. Ён паведаміў, што свой дакумэнт склаў на падставе рапартаў іншых міліцыянтаў. Пры гэтым асабіста ён ня бачыў, як Зьміцер распаўсюджваў улёткі. Сьведкі зь ліку прадстаўнікоў адміністрацыі на суд навогул не зьявіліся. Судзьдзя Руслан Аніскевіч пастанавіў прыпыніць рашэньне адміністрацыйнае камісіі. Каб аштрафаваць Пліса, яна павінна правесьці новае дасьледаваньне. Міхал Стэльмак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |