RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 2 Сакавіка 2000

Сёньня:



Управа адукацыі Менскага абласнога выканаўчага камітэту распрацавала гэтак званую “Абласную праграму пераўтварэньня сеткі дашкольных установаў і школаў у сувязі з дэмаграфічнай сытуацыяй у 2000–2004 гадох”. Згаданы праект выклікае трывогу Таварыства Беларускай Мовы, бо мае на ўвазе значнае скарачэньне ў блізкай пэрспэктыве колькасьці пачатковых і базавых школаў, якія ў абсалютнай бальшыні беларускамоўныя.

Пагаршэньне цягам апошніх пяці гадоў дэмаграфічнае сытуацыі ў краіне спарадзіла нэгатыўныя наступствы для сыстэмы асьветы. Паводле распрацоўшчыкаў згаданае праграмы, сёлета ў першыя клясы школаў Меншчыны пойдуць 16 465 дзяцей. Гэта амаль на 2 тысячы вучняў меней, чым у папярэднім годзе. Тэндэнцыя аўтарамі дакумэнту прагледжаная да 2004 году, калі колькасьць першаклясьнікаў складзе каля 13 000.

Лёгіка праекту наступная: абласная сетка школаў і дзіцячых садкоў вымагае скарачаць як агульнаадукацыйныя, гэтак і дашкольныя ўстановы, а таксама пэдагагічны корпус. Так, цягам 2000–2004 гадоў будуць зачыненыя 29 пачатковых, 12 базавых і 1 сярэдняя школы . Апроч таго, адбудзецца рэарганізацыя 12 сярэдніх школаў у базавыя, 4 базавыя – у пачатковыя.

Вось што сказаў з гэтае нагоды кіраўнік справаў рады ТБМ Сяргей Кручкоў:

“Справа ў тым, што скарачэньне колькасьці школаў выкліканая дэмаграфічнай сытуацыяй вясковага насельніцтва. Але мы хацелі б вельмі ўважліва сачыць за працэсам скарачэньня саміх школаў. У якія школы будуць пераходзіць дзеткі? Бо апошнім часам за апошнія два гады намецілася тэндэнцыя ,што нават вясковыя школы сталі пераходзіць на расейскую мову выкладаньня.

Такая тэндэнцыя – вельмі небясьпечная тэндэнцыя, супярэчыць вынікам апошняга, 1999 году, перапісу насельніцтва, бо паводле дадзеных асноўны беларускамоўны кантынгент пражывае менавіта ў вёсках. Людзі, якія карыстаюцца беларускай моваю ў сям’і, у сельскай мясцовасьці, – 2 мільёны 108 тысячаў чалавек. Гэта 79 адсоткаў беларусаў, якія пражываюць у сельскай мясцовасьці, размаўляюць дома па-беларуску.

77 адсоткаў школаў беларускамоўныя ў сельскай мясцовасьці. Таму ўжо ёсьць пэўны адмоўны вынік дзейнасьці некаторых структураў адукацыі ў сельскай мясцовасьці.

…Мы безумоўна будзем рабіць запыты ў вабласныя аддзелы адукацыі, працаваць з абласнымі аддзеламі адукацыі. Я думаю, што пры пэўным грамадзкім уплыве… вялікага адмоўнага выніку мы не атрымаем. Мы ўсё ж такі зможам кантраляваць працэс пераходу дзяцей у больш буйныя школы бязь нейкіх стратаў для беларускае мовы”.

“Цікава, што праект гэтае праграмы да апошняга часу трымаўся ў сакрэце, і кіраўнікі ТБМ даведаліся пра яго толькі ад карэспандэнта “Радыё Свабода”.

Алесь Мікалайчанка, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org