RFE/RL |
Чацьвер, 2 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
У Менску знаходзіцца дэлегацыя парлямэнцкіх асамблеяў АБСЭ, Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту. Згодна зь інфармацыяй, якая паступіла ў Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Беларусі, у пятніцу з прадстаўнікамі “тройкі” будзе мець размову Аляксандар Лукашэнка. Сябры дэлегацыі “тройкі” пакуль што ўхіляюцца ад размоваў з журналістамі: маўляў, справа вельмі далікатная. А неасьцярожнае слова, ды яшчэ ў інтэрпрэтацыі журналістаў, можа перашкодзіць мэтам місіі. Але ў нефармальных размовах усе гавораць аднолькава: міжнароднае прызнаньне вынікаў парлямэнцкіх выбараў будзе цалкам залежаць ад саступак урадавага боку ў трох галоўных пытаньнях – удасканаленьне выбарчага кодэксу, перагляд некаторых функцыяў і паўнамоцтваў парлямэнту й доступ палітычнай апазыцыі да дзяржаўных мас-мэдыя. Менавіта пра гэта “тройка” й хоча сказаць Аляксандру Лукашэнку. Міжнародныя чыноўнікі лічаць, што іхнае слова будзе як ніколі важкае. Падставы для гэтага — зафіксаваная ўпершыню ў адносінах да Беларусі кансалідаваная пазыцыя трох уплывовых арганізацыяў. Гутарка з Лукашэнкам павінна адбыцца 3 сакавіка й будзе працягвацца роўна гадзіну. Гэта паводле пратаколу, але ўсё можа зьмяніцца. Усе памятаюць, як Лукашэнка ўвосень размаўляў з кіраўніком рабочае групы па Беларусі Cевярынам замест адной тры гадзіны. Размове з Лукашэнкам будзе папярэднічаць гэтак званая “сустрэча 18-ці”. Зь ініцыятывы “тройкі” за адзін стол сядуць па 6 прадстаўнікоў апазыцыі, ураду, няўрадавых грамадзкіх арганізацыяў. Прычым, сьпіс апошніх складаюць на парытэтных асновах апазыцыя і ўрад. Такім чынам, міжнародныя структуры спрабуюць вярнуцца да першапачатковай ідэі перамоўнага працэсу, калі на першым этапе летам мінулага году ў Бухарэсьце зьбіраліся менавіта тры беларускія бакі: улада, апазыцыя і няўрадавыя грамадзкія арганізацыі. Гэтая ініцыятыва зыходзіць ад кіраўніка рабочае групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыяна Севярына. Учора пад час вячэры з журналістамі спадар Севярын патлумачыў, чаму яму такі шлях бачыцца найбольш слушным. Як ён лічыць, менавіта такі падыход дазволіў разьяднанай палітычнай апазыцыі аб’яднацца ў моцную сілу. На думку кіраўніка рабочае групы, такое адзінства вымушае нават Лукашэнку казаць пра дыялёг. І хаця АБСЭ добра разумее сэнс, які Лукашэнка ўкладвае ў слова “дыялёг”, гэта ўсё ж пэўныя зрухі. Калі спадар Севярын ня змог дакладна ўзгадаць, які раз – восьмы ці дзявяты – ён наведвае Менск, дык старшыня палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Тэры Дэвіс зь Вялікабрытніі ў Беларусі ўпершыню. Паводле ягоных словаў, ён прыехаў у Менск даведацца, чаму няма канкрэтных вынікаў перамоваў паміж урадам і апазыцыяй. І менавіта гэтае пытаньне ён хоча задаць Лукашэнку. А сёньня спадар Дэвіс і ягоныя калегі шукалі адказы на свае пытаньні ў незалежных эканамістаў, прадстаўнікоў навукова-дасьледных арганізацыяў. Галоўная падзея сёньняшняга дня для “тройкі” — сустрэча з прадстаўнікамі Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў. Яна будзе доўжыцца тры з паловаю гадзіны. Пра ейныя вынікі мы паведамім у вечаровым выпуску нашае праграмы. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |