RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 2 Сакавіка 2000

Сёньня:



Скончыўся візыт у Беларусь прадстаўніцы Бюро ў справах дэмакратыі, правоў чалавека й працы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША доктара Патрыцыі Дэвіс. Мэтай ейнага візіту было знаёмства з сытуацыяй у сфэры правоў чалавека.

Бюро, у якім працуе спадарыня Дэвіс, высьвятляе, як выконваецца вонкавая палітыка ЗША ў галіне правоў чалавека ва ўсім сьвеце. Сытуацыя адсочваецца амаль ва ўсіх краінах. Да таго ж менавіта Бюро займаецца распрацоўкаю справаздачы ў правох чалавека ў розных краінах. Справаздача па Беларусі была прэзэнтаваная ў Менску на пачатку тыдня, пра што ўжо паведамляла нашае радыё.

Сама Патрыцыя Дэвіс працуе з рэгіёнам Эўропы й былога Савецкага Саюзу. У інтэрвію спадарыня Дэвіс зазначыла, што сытуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі горшая, чым у бальшыні краінаў рэгіёну. У той час, калі ў іншых дзяржавах Усходняй Эўропы відавочны значны прагрэс на шляху да дэмакратыі й правоў чалавека, у Беларусі аніякага прагрэсу не назіраецца.

Дзяржаўны дэпартамэнт сур’ёзна занепакоены сытуацыяй у Беларусі, і гэта было вельмі яскрава адлюстравана ў справаздачы ў правох чалавека за мінулы год. Паводле меркаваньня спадарыні Дэвіс, палепшыць сытуацыю магчыма, але дзеля гэтага не хапае палітычнае волі.

Пад час візыту ў Менск Патрыцыя Дэвіс правяла перамовы ў Міністэрстве замежных справаў, а таксама сустрэлася з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў, заканадаўчых ініцыятываў, незалежнае прэсы і прафэсійных саюзаў.

Дарэчы, супрацоўнікі МЗС вельмі цікавіліся тым, чаму Злучаныя Штаты займаюцца праблемамі правоў чалавека ў Беларусі. Да таго ж, супрацоўнікі міністэрства хочуць, каб прадстаўнікі ўраду мелі магчымасьць абмяркоўваць справаздачу ў правох чалавека пад час яе падрыхтоўкі. Але справа ў тым, што Дзяржаўны дэпартамэнт рыхтуе дакумэнт на базе канкрэтных фактаў, якія зьбіраюцца пры дапамозе разнастайных грамадзкіх арганізацыяў і шляхам размоваў з простымі людзьмі.

Ганна Навумовіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org