RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 1 Сакавіка 2000

Сёньня



У Рэспубліканскім працоўным арбітражы сёньня разглядалася канфліктная сытуацыя на Менскім трактарным заводе. Там ужо шмат месяцаў працягваецца супрацьстаяньне адміністрацыі і Свабоднага прафэсійнага саюзу.

Спрэчку разглядала арбітар Сьвятлана Палітай. Яна паведаміла, што ініцыятарам разгляду канфлікту стаўся Свабодны прафэсійны саюз. Ягоны лідэр Вячаслаў Козел зьвярнуўся ў Рэспубліканскі працоўны арбітраж, каб аднавіць на трактарным заводзе дзейнасьць прафсаюзнае суполкі.

Старшыня прафэсійнага саюзу патлумачыў на працэсе, што зараз гэтая дзейнасьць на МТЗ немагчымая. Дырэкцыя заводу аказвае жорсткі ціск на Свабодны прафэсійны саюз. Паводле словаў Козела, ужо другі год яго не пускаюць на тэрыторыю прадпрыемства. Бугальтэрыя заводу зпаралізавала фінансавую дзейнасьць прафэсійнага саюзу. У працоўным калектыве МТЗ мае месца непрыхаваная дыскрымінацыя сяброў дэмакратычнага прафэсійнага саюзу. І нарэшце некалькі тыдняў таму на загад генэральнага дырэктара МТЗ быў апячатаны прафсаюзны офіс.

Прафсаюзны лідэр моцна зьдзівіўся, калі намесьнік генэральнага дырэктара МТЗ Мікалай Стукач абвясьціў на працэсе, што офіс быў ня апячатаны, а ўзламаны. І што там самавольна пагаспадарылі прадстаўнікі адміністрацыі заводу. Паведамленьне абурыла Вячаслава Козела:

“Для мяне гэта навіна! Прабачце мяне за эмацыйнасьць, але гэтая заява звалілася на мяне як сьнег на галаву. Аказваецца, ня проста апячаталі памяшканьне, але й разграмілі маёмасьць, а там дакумэнты. Што зь імі? Дайце мне на рукі якую-небудзь паперу. Каб я мог зьвярнуцца ў праваахоўныя ворганы й разам зь міліцыяй мог прыйсьці ды паглядзець, што там робіцца”, – заявіў на працэсе Вячаслаў Козел.

Паводле словаў Мікалая Стукача, суполка Свабоднага прафэсійнага саюзу – незаконная структура. Ейнае існаваньне, маўляў, супярэчыць дэкрэту № 2 Аляксандра Лукашэнкі.

Намесьнік прэзыдэнта Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафэсійных саюзаў Уладзімер Макарчук, які прысутнічаў на працэсе, так пракамэнтаваў гэтую заяву:

“Мяне вельмі зьдзівіла пазыцыя прадстаўніка наймальніка – трактарнага заводу – сваёй заяваю пра тое, што забаранілі дзейнасьць Свабоднага прафэсійнага саюзу на падставе ліста з адміністрацыі “прэзыдэнта”. Але ж яны ведаюць, што забараніць дзейнасьць прафэсійнага саюзу можа толькі суд! Яны ведаюць, што парушылі закон. Але кажуць: ідзіце, маўляў, скардзіцеся ў суд… Гэта цынічная заява! Яна выклікае гнеў! Пачуцьцё, што ў нас ў Рэспубліцы творыцца няпраўе”, – заявіў Уладзімер Макарчук.

Працоўны арбітар Сьвятлана Палітай пасьля гэтага перапыніла працэс дзеля высьвятленьня дадатковых акалічнасьцяў. Пасьля сёньняшняй часткі арбітражнага паседжаньня я запытаў у яе:

(Карэспандэнт: ) “А не спрацуе тэлефоннае права для вынясеньн аб’ектынага рашэньня?”

“Не, у гэтым я вас запэўніваю. Такога ня будзе”, – адказала Сьвятлана Палітай.

Міхал Стэльмак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org