RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 1 Сакавіка 2000

Сёньня



У Фрунзэнскім РАЎС Менску быў складзены адміністрацыйны пратакол на сябра БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка Ўладзімера Вераскоўскага за збор подпісаў супраць аб’яднаньня Беларусі й Расеі.

Учора ўвечары сяброў БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка Валянціна Дыро і Ўладзімера Вераскоўскага затрымалі супрацоўнікі міліцыі Фрунзэнскага РАЎСу пад час збору подпісаў жыхароў аднаго шматпавярховага дому. Тыя грамадзяне, якія ставілі подпіс супраць аб’яднаньня Беларусі й Расеі, атрымлівалі ўлёткі з заклікам сойму партыі падтрымаць няспынную акцыю “Беларуская Салідарнасьць” у абарону незалежнасьці, свабоды й сувэрэнітэту Беларусі. Міліцыянты адвезьлі затрыманых у Фрунзэнскі РАЎС, пратрымалі іх там каля трох гадзінаў, а пасьля гэтага ўручылі позвы ў міліцыю на раніцу наступнага дня.

Пэнсіянэр Уладзімер Вераскоўскі паведаміў “Радыё Свабода”:

“Учора ўвечары а палове на шостую мы пачалі збор подпісаў супраць аб’яднаньня Беларусі з Расеяй. Сабралі трыццаць пяць подпісаў. Жыхары кожнае трэцяе кватэры падпісваліся на нашым блянку. Праз гадзіну прыехала міліцыя, бо нейкая жанчына патэлефаніла ў пастарунак, і нас забралі. Трымалі нас у пастарунку тры гадзіны. Зь мяне ўзялі тлумачэньне, чаму я гэта рабіў. Я казаў, што хачу, каб Беларусь была незалежнай – як Латвія, Летува, Украіна. І толькі сёньня на мяне склалі пратакол, зь якім я ня згодны”, – паведаміў нашаму радыё Ўладзімер Вераскоўскі.

Пратакол, зь якім ня згодны спадар Вераскоўскі, быў складзены паводле артыкулу 172-га часткі 3 Адміністрацыйнага кодэксу (распаўсюджваньне друкаваных выданьняў, зьмест якіх скіраваны на ўчыненьне шкоды дзяржаўнаму й грамадзкаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзянаў). За гэта прадугледжанае пакараньне ў выглядзе папярэджаньня або штрафу.

Пратакол на Валянціна Дыро ўвогуле вырашылі не складаць. Намесьнік начальніка аддзелу прафіляктыкі й правапарадку Віктар Кулявец загадаў адміністрацыйныя матэрыялы на Ўладзімера Вераскоўскага перадаць ня ў суд, а на адміністрацыйную камісію ў выканаўчы камітэт.

Юрась Беленькі, намесьнік старшыні БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка, прысутнічаў у Фрунзэнскім РАУСе пад час складаньня пратаколу. Ён пракамэнтаваў гэтую сытуацыю “Радыё Свабода”:

(Беленькі: ) “Мы лічым, што збор подпісаў за незалежнасьць, супраць уцягваньня Беларусі ў Расейскую імпэрыю, гэта самая надзённая, самая актуальная праца на сёньняшні дзень. Гэтыя подпісы ідуць у амбасады ЗША, Вялікай Брытаніі, у ААН і АБСЭ. Чаму названыя такія краіны, як ЗША і Вялікая Брытанія? Таму, што гэтыя краіны калісьці выступілі гарантамі нашай незалежнасьці.

І вось я трымаю перад вачыма так званы “протокол изъятия”. Дык вось што шаноўныя нашыя міліцыянеры напісалі. Яны забралі: першае, гэта ўлёткі звароту да беларускга нроду, 16 штук напісана; другое, палажэньне аб дачыненьнях Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ з палітычнымі арганізацыямі і структурамі… Івось на падставе гэтага быў складзены сёньня пратакол. Зьдзіўляе тое, што грамадзянаў затрымалі ўчора ўвечары, трымалі тры гадзіны ў РАЎС, але паклікалі ў міліцыю толькі сёньня, і толькі сёньня пачалі складаць пратакол”.

– паведаміў Юрась Беленькі.

Супрацоўнікі міліцыі адмовіліся вярнуць улёткі й блянкі з подпісамі, матывуючы гэта тым, што хочуць зрабіць зь іх копіі.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org