RFE/RL |
Серада, 1 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
1 сакавіка распачаўся візыт у Менск прадстаўнікоў адразу трох уплывовых міжнародных арганізацыяў: Парлямэнцкіх асамблеяў АБСЭ й Рады Эўропы, а таксама Эўрапарлямэнту. Пяць міжнародных чыноўнікаў – Адрыян Севярын з Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, Ян Вірсма й Пэдра Марсэ Кампас з Эўрапарлямэнту, Тэры Дэвіс і Вольфганг Бэрандт з Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы й пяць іхных дарадцаў прыляцелі ў Менск у другой палове сёньняшняга дня. Адпаведна, і сёньняшняя праграма ў іх вельмі кароткая – гутарка з супрацоўнікамі Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ й вячэра з журналістамі. Што можна чакаць ад гэтага візыту? На пытаньне адказвае намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Анатоль Лябедзька. (Лябедзька: ) “Прыезд тройкі трэба разглядаць у зьвязцы з тымі мерапрыемствамі, якія ўжо адбыліся. Я маю на ўвазе паседжаньне пастаяннага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і слуханьні на паседжаньні Палітычнага камітэту і пленарнай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Гэта ўсё складовыя часткі агульнай выпрацоўкі стратэгіі і тактыкі ў адносінах да Беларусі. І, як мы і прагназавалі, наступным крокам будзе стыкоўка эўрапейскіх падыходаў з пазыцыяй Злучаных Штатаў Амэрыкі. Менавіта 9 сакавіка ў Кангрэсе ЗША адбудуцца слуханьні, у якіх возьмуць удзел і прадстаўнікі эўарпейскіх структураў. Галоўная мэта місіі, на мой погляд, гэта дадатковы маніторынг сытуацыі. Я думаю, што менавіта сакавік будзе вызначальным месяцам. Паводле ягоных вынікаў і будзе канчаткова сфармаваная пазыцыя міжнароднай супольнасьці ў адносінах да Беларусі. Рэжым, відаць, таксама гэта разумее і спрабуе перахапіць палітычную ініцыятыву”. Што тычыцца сустрэчаў “тройкі” 2 і 3 сакавіка, дык пакуль вядомая толькі тая частка праграмы, якая зьвязаная з апазыцыйным і няўрадавым бакамі. У прыватнасьці, прадугледжваюцца гутаркі зь сябрамі Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, Кансультацыйнае рады апазыцыйных партыяў, няўрадавых грамадзкіх арганізацыяў, незалежнымі экспэртамі. На 3 сакавіка заплянаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў. Але канкрэтнае праграмы гэтае часткі візыту ўрадавыя чыноўнікі ў Кансультацыйна-назіральную групу пакуль не перадалі. Між тым, цікава, што прэсавая канфэрэнцыя, якая першапачаткова павінна была пачацца а 5-й гадзіне ўвечары 3 сакавіка, сёньня была перанесеная на гадзіну пазьней. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што “тройка” спадзяецца больш часу адвесьці дзеля размовы з урадавым бокам. Ня выключана, што гэта робіцца й дзеля магчымае гутаркі з Лукашэнкам. А што думае з гэтае нагоды Анатоль Лябедзька? (Лябедзька: ) “Нельга выключаць, таму што Лукашэнка зараз рабіў ініцыятывы, перад якімі ставяцца вельмі канкрэтныя мэты. У першую чаргу гэта легітымізацыя вынікаў выбараў. А Лукашэнка ўжо адмовіўся напрыканцы мінулага году сустракацца з Севярынам, і гэта мела адмоўную рэакцыю. Фактычна, гэта быў другі інцыдэнт. Некалі ён адмовіўся сустракацца са спадарыняй Лені Фішар, кіраўніком Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, калі пайшоў гуляць у футбол. Натуральна, што ўсё гэта натуецца, і я думаю, што дарадцы Лукашэнкі будуць раіць яму сустрэцца з прадстаўнікамі міжнародных арганізацыяў і паспрабаваць пераканаць іх, каб яны прыслалі сюды міжнародных назіральнікаў, каб яны пагадзіліся абмежавацца дыялёгам у фармаце выбарчага кодэксу, які прадстаўлены”. Прадстаўнікі “тройкі” пакінуць Менск 4 сакавіка. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |