RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 30 Чэрвеня 2000

Сёньня



Да правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў вырашыла далучыцца Цэнтральная рада Беларускае Экалягічнае парыі “зялёных”. На паседжаньні арганізацыйнага камітэту ў справе правядзеньня Кангрэсу, якое адбываецца ў гэтыя хвіліны, прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў павінныя вызначыць колькасьць дэлегатаў ад гэтае партыі.

Сябры сакратарыяту і арганізацыйнага камітэту вітаюць рашэньне Беларускае партыі “зялёных” пра далучэньне да паседжаньняў Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Вячаслаў Сіўчык зазначае, што рашэньне “зялёных” ёсьць яшчэ адным сьведчаньнем таго, што палітычныя партыі аб’ядноўваюць намаганьні:

(Сіўчык: ) “Гэта абсалютна нармальна. Мы нармальна ставімся да ўсіх – і дэмакратычных партыяў, і грамадзкіх аб’яднаньняў. Я думаю, што ў сёньняшняй сытуацыі – калі трэба рэальная кансалідацыя ўсіх сілаў, што ёсьць – трэба, каб аб’яднаныя былі ўсе. Пажадана, каб гэтае пашырэньне, гэтая кансалідацыя былі няспынным працэсам, які б у бліжэйшы год прывёў да перамогі незалежніцкіх дэмакратычных сілаў у 2001 годзе”.

Вячаслаў Сіўчык зазначае, што Беларуская Экалягічная партыя “зялёных” – сёмая паводле ліку, якая пісьмова пацьвердзіла сваё рашэньне пра ўдзел у Кангрэсе. Тое самае зрабілі прадстаўнікі гэтак званага “трэцяга сэктару”, што ўваходзяць ў Асамблею недзяржаўных арганізацыяў.

На сёньняшнім, мяркуючы па ўсім, апошнім паседжаньні аргкамітэту прадстаўнікі арганізацыяў-удзельніцаў зацьвярджаюць канчатковыя варыянты выніковых рэзалюцыяў – пра палітычную сытуацыю, пра адносіны да выбараў, пра кансалідацыю дэмакратычных сілаў, а таксама рэглямэнт працы Каардынацыйнае Рады дэмакратычных сілаў, якая будзе дзейнічаць да скліканьня наступнага Кангрэсу.

У праекце рэзалюцыі пра палітычную сытуацыю праблема кансалідацыі дэмакратычных сілаў вызначаецца як “праблема № 1”. У праекце гаворыцца, што для яе вырашэньня сябры партыяў і грамадзкіх арганізацыяў мусяць пераадолець рознагалосьсі ды асабістыя амбіцыі.

Беларуская апазыцыя будзе ўдельнічаць у выбарах толькі пры ўмове доступу да дзяржаўных мэдыяў, а таксама ў выпадку спыненьня палітычных рэпрэсіяў, наданьня парлямэнту рэальных паўнамоцтваў і дапасаваньня выбарчага заканадаўства да эўрапейскіх стандартаў. У пералічаным палягае сутнасьць праекту рэзалюцыі пра стаўленьне да выбараў.

Выглядае, што Кангрэс дэмакратычных сілаў стане па-сапраўднаму прадстаўнічым і масавым сходам. Свой удзел у паседжаньнях пацьвердзілі парлямэнцкія арганізацыі з Польшчы, Летувы й Расеі. Прадстаўнікі арганізацыйнага камітэту ўпэўненыя, што заля на 900 мейсцаў будзе запоўненая цалкам.

Ягор Маёрчык, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org