RFE/RL |
Пятніца, 30 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Гэтымі днямі навукоўцы заявілі, што маюць пацьверджаньні таго, што брытанскія спэцслужбы перахапілі паведамленьні пра падрыхтоўку дэпартацыі габрэяў з Рыму ў 43-м годзе. Сотні габрэйскіх сем’яў з Рыму тады былі адпраўленыя ў Асьвенцым. Гэтая інфармацыя заставалася ў сакрэце больш за 50 гадоў і зараз унесла новыя пытаньні ў дыскусію пра тое, што саюзьнікі ведалі пра падрыхтоўку немцаў да Галакосту і чаму не было зроблена аніякіх захадаў дзеля спыненьня зьнішчэньня габрэяў… У Злучаных Штатах Амэрыкі сталі адкрытымі для дасьледваньняў каля мільёну старонак архіўных дакумэнтаў часу II Ўсясьветнае вайны. Сярод іх галоўныя дакумэнты пра стасункі й працу ЦРУ й сакрэтных службаў саюзьнікаў пад час II Ўсясьветнае вайны. Дзеля дасьледаваньня амэрыканскіх былых сакрэтных архіваў утвораны адмысловы аддзел – Office of Strategic Services (OSS) – Аддзел стратэгічнае дапамогі. Гэты адзел і займаецца ўпарадкаваньнем і вывучэньнем раней сакрэтнай інфармацыі. Днямі гісторыкі паведамілі пра першыя сэнсацыйныя знаходкі. У надрукаваных выніках дасьледваньняў зазначаецца, што пасьля пасьпяхова праведзенай Брытанскай разьведкаю ўлетку 43-га году апэрацыі “Энігма” – у руках Лёндану й Вашынгтону апынуліся важнейшыя дакумэнты нямецкае службы SS. Саюзьнікі таксама змаглі чытаць амаль усё сакрэтнае ліставаньне немцаў. Прычым вораг ня ведаў пра гэтыя магчымасьці. Шыфравальную машынку “Энігма” брытанскім маракам удалося здабыць зь нямецкай субмарыны перад яе патапленьнем абсалютна таемна. Падрыхтоўка дэпартацыі габрэяў зь Італіі пачалася, калі ў брытанцаў ўжо ўсе дэкодары “Энігмы” працавалі. Дакумэнты сьведчаць, што першы загад арыштаваць 8 тысячаў рымскіх габрэяў нямецкія спэцслужбы аддалі 6 кастрычніка. На працягу наступных 10-ці дзён прыйшоў асабісты загад на гэты конт ад Гітлера. Вывезьлі габрэяў з Рыму 20 кастрычніка… Архівы ЦРУ паказваюць таксама, што брытанская разьведка расшыфравала ўжо першыя паведамленьні пра падрыхтоўку апэрацыі. Злучаныя Штаты Амэрыкі таксама адразу ж атрымалі гэтую інфармацыю… Ведала пра гэта невялікае кола вышэйшага кіраўніцтва краінаў, але ў іх ліку і Чэрчыль, і Рузьвэльт. Саюзьнікі мелі час дзеля дзеяньняў – два тыдні. І нічога не было зроблена… У пацьверджаньне таго, што саюзьнікі ведалі пра падрыхтоўку дэпартацыі рымскіх габрэяў, гавораць яшчэ й паведамленьні агэнтаў. Брытанская разьведка атрымлівала інфармацыю ад вельмі добра закансьпіраванага шпіёну Фрыца Колбэ, які працаваў у нямецкім Міністэрстве замежных справаў і меў магчымасьці даволі часта выяжджаць у Швайцарыю. Разсакрэчаныя зараз дакумэнты пацьвярджаюць, што менавіта Колбэ перадаваў інфармацыю сувязным у Швайцарыі пра падрыхтоўку нямецкай апэрацыі зьнішчэньня габрэяў у Італіі на прыканцы 43-га году. З усяго гэтага паўстае пытаньне – што можна было б зрабіць? Дасьледнікі ў сваіх вэрсіях выказваюць думку, што саюзьнікі маглі хоць бы паведаміць італьянскіх габрэяў праз радыё пра падрыхтоўку фашыстамі апэрацыі іхнага зьнішчэньня. Можа, у тым выпадку хоць каму б удалося выратавацца… Дасьледнік архіваў, гісторык Цімаці Нафталі кажа, што са зваротам тагды маглі выступіць і самі кіраўнікі ЗША ды Вялікай Брытаніі. Узьніклі й вэрсіі, чаму гэтага не было зроблена. Напэўна, каб не выдаць ангельскіх шпіёнаў, такіх, як той жа Колбэ, якія перадалі інфармацыю, ці яшчэ з-за якіх іншых прычынаў. Зь іншага боку таксама гісторыкі заўважаюць, што за некалькі дзён да дэпартацыі наўрад ці што-небудзь маглі зрабіць рымскія габрэі ў сваё выратаваньне… Гэта толькі адная з таямніцаў II Ўсясьветнае вайны, якая выйшла з рассакрэчанага архіву ЦРУ.. Ужо сёньня вядома, што там ёсьць інфармацыя, пра некаторых нямецкіх генэралаў, якім удалося пазьбегнуць Нюрэнбэргскага працэсу, і адказаў на іншыя пытаньні зь гісторыі вайны, якія па сеньняшні дзень заставаліся невядомымі. Галіна Прыгара, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |