RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 29 Чэрвеня 2000

Сёньня



Улады Малдовы заяўляюць, што апошнім часам краіну пакінулі больш за паўмільёны жыхароў у веку ад 25-ці да 45-ці гадоў. Увогуле ж насельніцтва краіны складае 4,5 мільёны чалавек. Бальшыня эмігрантаў паехалі на заробкі ў розныя краіны сьвету. Працуюць малдаване сёньня на будоўлях ды ў прыватных фірмах, часта ў сем’ях у Ізраілі, Расеі, Грэцыі, у Косаве ды ў Афрыцы… Агляд артыкулу “Малдова на мяжы галечы” ў газэце International Herald Tribune.

Асноўнай прычынаю іміграцыі з Малдовы стала рэзкае пагаршэньне эканамічнае сытуацыі. Сёньня сярэдні заробак у краіне – 30 даляраў на месяц. Згодна інфармацыі Цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў у Кішыневе, 80% насельнікаў Малдовы зараз жывуць па-за межамі рысы беднасьці, – піша International Herald Tribune…

Міжнародны Валютны Фонд зь нядаўнага часу спыніў у Малдове свае праграмы, найперш з-за таго, што ў краіне не праводзяцца аніякія рынкавыя рэформы. МВФ патрабуе ад уладаў Малдовы прыватызацыі тых сэктараў эканомікі, якія б маглі прыцягнуць замежныя інвэстыцыі ды паўплываць на эфэктыўнае разьвіцьцё экспарту ды імпарту. А гэта табачная і алькагольная вытворчасьці ў аграрнай Малдове.

Госьць з Эўропы, які прыяжджае ў Малдову, патрапляе як у мінулае. Карэспандэнт International Herald Tribune Джасьцін Кэй піша, што Кішынеў – пыльны, непрыгожы горад – ужо сам па сабе ёсьць сьведчаньнем тае розьніцы з заходне-эўрапейскімі сталіцамі. Нават пасьля 9-ці гадоў незалежнасьці ад Расеі Кішынеў усё яшчэ пачуваецца як правінцыйны горад. Зусім мала прыватных рэстарацыяў і крамаў, можна ўбачыць толькі крыху рэклямы заходніх прадуктаў… А гэта гаворыць таксама пра беднасьць жыхароў у Малдове і пра нізкі ўзровень цікавасьці да Захаду… – піша Джасьцін Кэй.

На пачатку сваёй незалежнасьці ў 90-м годзе Малдова мела вельмі добрыя магчымасьці для старту. Тады сучасныя падыходы ў эканамічных праграмах давалі спадзяваньні на хуткае інтэграваньне ў Эўропу. Людзі параўноўвалі Малдову з Балтыйскімі краінамі, – гаворыць адзін з малдоўскіх журналістаў. Зараз пра гэта нават ужо цяжка і ўзгадаць.

Нават у тых галінах вытворчасьці, якія маглі б разьвівацца й прыносіць прыбыткі, узровень упаў за апошнія гады на 70%… Бадай, гэтае падзеньне самае рэзкае ў параўнаньні зь іншымі краінамі былога Савецкага Саюзу.

Зараз Малдова апынулася на мяжы катастрофы. Сельская гаспадарка ў глыбокім заняпадзе. Яшчэ адзін дрэнны ўраджай чакаецца летась. Да гэтага ж краіна будзе пакутаваць ад нястачы насеньня і ўгнаеньняў. Атрымліваеца замкнёнае кола, зь якога вывесьці Малдову змаглі б толькі рашучыя ўрадавыя захады ў прыватызацыю эканомікі – і тады ўжо прыйшла б фінансавая дапамога заходніх краінаў. Улады ж Малдовы ўсё яшчэ ня вырашылі, што яны хочуць і могуць рабіць на самой справе.

Тым часам 40 мейсцаў са 110-ці ў парлямэнце краіны працягваюць займаць камуністы… – зазначае International Herald Tribune. Малдова – згодна палітычнага ды эканамічнага партрэту ў гэтай газэце – можа быць прыкладам для іншых краінаў, набыўшых незалежнасьць з тых пазыцыяў, што ня трэба рабіць – каб краіна не апынулася на мяжы голаду й галечы.

Галіна Прыгара, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org