RFE/RL |
Чацьвер, 29 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
У Менску адбылося перапахаваньне першага даваеннага начальніка НКВД па Менскай вобласьці Арцемія Васілеўскага і ягонага ад’ютанта Ўладзімера Лявошкі. Супрацоўнікаў карных ворганаў, якія мелі непасрэднае дачыненьне да палітычных рэпрэсіяў 30-х гадоў, хавалі гэтак жа, як высокіх дзяржаўных кіраўнікоў. З раніцы ля клубу імя Дзяржынскага пачалі зьбірацца супрацоўнікі й вэтэраны КГБ. Тут жа спэцтэхніка ДАІ расьцягвала прыпаркаваныя прыватныя аўтамабілі. Няспынна пад’яжджалі аўтобусы з салдатамі ўнутраных войскаў і курсантамі школы КГБ. А першай гадзіне пляц перад клюбам быў гатовы да жалобнага мітынгу. Праўда, з прычыны дрэннага надвор’я мерапрыемства прайшло пад дахам. Труну з парэшткамі супрацоўнікаў НКВД паставілі на ўзвышак на тле прыспушчаных чырвона-зялёных сьцягоў. З чатырох бакоў стаяла ганаровая варта. Паўсюль было відаць сяброў жалобнае камісіі з чырвона-чорнымі павязкамі. Вайсковы аркэстар граў сумныя мэлёдыі, у адмысловым сэктары сядзелі сваякі памерлых. Нішто не нагадвала пра тое, што нябожчыкі разьвіталіся з жыцьцём 60 год таму. Нават старшыня Талачынскага раённага выканкаму Ўладзімер Завадзкі, выступаючы на мітынгу, сказаў: “Мы сумуем, што адыйшлі з жыцьця гэтыя цудоўныя людзі…” Цудоўныя людзі – гэта кіраўнік спэцбюро ГПУ БССР, супрацоўнік НКВД і, нарэшце, першы начальнік Менскае ўправы НКГБ капітан Васілеўскі ды выпускнік Харкаўскае школы НКВД, начальнік сакратарыяту НКГБ малодшы сяржант Уладзімер Лявошка. Васілеўскі ўзначальваў управу НКВД ў той самы час, калі штодня гучалі стрэлы ў Курапатах. Але ёсьць і іншыя меркаваньні наконт неабходнасьці пампэзнага ўшанаваньня супрацоўнікаў карных ворганаў. Надзея Раманаўна Дземідовіч лягернае жыцьцё пачала з 16-ці гадоў. На працягу 12-ці наступных гадоў КГБ абвінавачвала яе ў злачынствах, якіх яна ніколі не ўчыняла… (Карэспандэнт: ) “Надзея Раманаўна, як вы ставіцеся да факту перапахаваньня супрацоўнікаў НКВД?” (Дземідовіч: ) “Цяпер улада ня нашая, а тая, што была й тады. Гэта для іх – ушанаваньне. А для мяне – гэта ўсё роўна як сьмерць аднаўляюць… Яны тады зьнішчалі людзей, былі ворагамі нашае беларушчыны – а цяпер яго перахоўваюць… Значыць, няма ані Беларусі, ані нічога нашага”. (Карэспандэнт: ) “Літаральна гэтымі днямі ў мястэчку Ігумен пад Чэрвенем Вы сустракаліся з былымі ахвярамі КГБ…” (Дземідовіч: ) “Там яшчэ валяюцца косьці нашых астрожнікаў, і горад пабудаваны на гэтых касьцях… І зноў робіцца тое ж самае, што некалі было. І думаю, што калі ня будзе нічога лепшага, яны потым і нас [будуць зноў] судзіць”. Гэта была палітычны вязень савецкага КГБ Надзея Дземідовіч. Меркаваньні былых ахвяраў сыстэмы сёньня ў разьлік не браліся. На працяглым мітынгу пэнсіянэрка Вольга Казлова, якая добра ведала Васілеўскага, сказала: “Мы ўшанавалі вялікіх грамадзянаў вялікага Савецкага Саюзу”. Яшчэ далей пайшоў цяперашні начальнік управы КГБ па Менскай вобласьці генэрал Сухарэнка: “Тое, што ў адной труне будуць парэшткі расейца й беларуса – гэта вельмі сымбалічна”. Кропку паставіў першы намесьнік старшыні КГБ Беларусі генэрал Кулеш: “Лепшым помнікам нашым таварышам будзе Саюз Расеі і Беларусі”. Беспрэцэдэнтная акцыя беларускіх спэцслужбаў завершылася на Маскоўскіх могілках, дзе ў гонар памерлых энкавэдыстаў прагучаў аўтаматны залп. Плянуецца, што ў хуткім часе на месцы пахаваньня будзе ўзьведзены адмысловы манумэнт. Ігар Карней, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |