RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 29 Чэрвеня 2000

Сёньня



29-30 чэрвеня ў Менску з афіцыйным візытам знаходзіцца прэзыдэнт Малдовы Петру Лучынскі. Як паведамілі ў Амбасадзе Малдовы ў Беларусі, асноўная мэта візыту – інтэнсыфікацыя ўзаемных гандлёва-эканамічных стасункаў.

Пасьля сустрэчы з малдоўскім прэзыдэнтам Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не заўважыў вялікіх разыходжаньняў з Лучынскім “нават у вялікай палітыцы”. На справе ж візыт Пятра Лучынскага мае чыста эканамічны характар. Сёньня была падпісаная двухбаковая Дамова пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва да 2009 году, якая прадугледжвае рост таваразвароту да ўзроўню 96-га году, і яшчэ дзясятак галіновых пагадненьняў. У прыватнасьці, плянуецца, што будзе створанае супольнае прадпрыемства зборцы ў Малдове беларускіх трактараў.

Гэтымі днямі ў Палацы Рэспублікі праходзіць сэмінар-выстава “Малдова прадстаўляе”. У яе рамках прэзыдэнт Лучынскі сустрэнецца зь беларускімі дзелавымі коламі, каб прадставіць гандлёвыя магчымасьці сваёй краіны. Беларускім бокам зарганізаваная праграма наведваньня Лучынскім менскіх прадпрыемстваў, пэрспэктыўных з пункту гледжаньня экспарту ў Малдову: выстаўнай залі канцэрну “Белрэсурсы”, вытворчага аб’яднаньня “Белкамунмаш”.

Нельга сказаць, што Малдова – надта значны эканамічны партнэр Беларусі. Як паведамілі ў беларускім замежнапалітычным ведамстве, за мінулы год узаемны таваразварот паміж Беларусьсю й Малдовай склаў каля 70 мільёнаў даляраў, зь іх 40 прыйшлося на імпарт з Малдовы. Гэта крыху больш чым 0,5% у беларускім гандлі з краінамі СНД. Таму відавочна, што абедзьве краіны хацелі б дамагчыся росту ўзаемнага таваразвароту. У прыватнасьці, Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што Беларусь зацікаўленая ў пастаўках малдаўскага збожжа ды іншай сельскагаспадарчае прадукцыі.

Аднак праблемы павелічэньня гэтага таваразвароту патрэбна вырашаць ужо ня ў двухбаковым, а ў трохбаковым фармаце – з удзелам Украіны, транзыт празь якую ўскладняе малдоўска-беларускі гандаль. Гэта прызналі Лучынскі й Лукашэнка, выказаўшыся за трохбаковыя перамовы на гэты конт зь Леанідам Кучмам.

Праблему транзыту праз Украіну днямі ў Адэсе абмяркоўвалі ўкраінскі й малдоўскі прэм’ер-міністры. Запрашалі да размовы й беларускага кіраўніка ўраду, ды Ўладзімер Ярмошын яе прайгнараваў. Аднак, як паведаміў першы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валянцін Вялічка, чакаецца, што ў бліжэйшыя дні прадстаўнікі ўрадаў Беларусі, Украіны й Малдовы сустрэнуцца ў Гомлі, каб нарэшце разам абмеркаваць праблему транзыту.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org