RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 29 Чэрвеня 2000

Сёньня



Беларускія праваахоўныя ворганы будуць дамагацца ад брытанскіх уладаў выдачы Тамары Віньнікавай, абвінавачваньні зь якой не зьнятыя. Пра гэта заявіў сёньня намесьнік міністра ўнутраных справаў Леанід Глухоўскі, спасылаючыся на апошнія зьвесткі пра Віньнікаву са Скотланд-Ярду.

Зьвесткі пра знаходжаньне Тамары Віньнікавай у Ангельшчыне пацьвердзіў беларускаму аддзелу Інтэрполу брытанскі Скотланд-Ярд. Цяпер праваахоўныя ворганы Беларусі з дапамогаю дыпляматаў будуць дамагацца экстрадыкцыі былое старшыні Нацыянальнага банку Беларусі, абвінавачваньні супраць якой дагэтуль не зьнятыя. Пра гэта сёньня заявіў намесьнік міністра ўнутраных справаў, кіраўнік сьледчага камітэту Леанід Глухоўскі.

“Цяпер ёсьць афіцыйнае пацьверджаньне. Пракуратура будзе праз свае каналы, праз дыпляматычныя каналы… Справа ж ня спыненая, яна ў вышуку…”, – сьцьвярджае Леанід Глухоўскі.

Ён не бярэцца прадказаць, калі завершыцца гэты працэс і ці будзе ён пасьпяховым, але выказвае перакананьне, што Тамару Віньнікаву трэба прыцягнуць да адказнасьці.

Прычым, паводле Глухоўскага, Віньнікава павінна несьці адказнасьць перад законам ня толькі за службовыя злоўжываньні, як банкірка, але й за многія сьцьвярджэньні ў шматлікіх інтэрвію, дадзеных зь Лёндану. У прыватнасьці, наконт пэўных службовых асобаў у Беларусі, якія нібыта маюць дачыненьне да зьнікненьня Юрыя Захаранкі й Віктара Ганчара: “Увогуле, гэта можна расцэньваць – выключна паводле закону – як абвінавачваньне ў цяжкім злачынстве, за што яна павінна несьці адказнасьць, бо кожны чалавек павінен адказваць за тое, што ён кажа”, – гэтак галоўны сьледчы краіны адрэагаваў на нядаўнія заявы Тамары Віньнікавай пра тое што да зьнікненьняў беларускіх апазыцыянэраў мае дачыненьне былы кіраўнік справаў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў.

Вартая ўвагі заява Леаніда Глухоўскага адносна справы Міхала Чыгіра. Намесьнік міністра сказаў, што абураны мяккасьцю прысуду, вынесенага менскім гарадзкім судом. “Атрымліваецца, што невядома куды й невядома па чыёй віне зьніклі мільёны даляраў”, – абураўся галоўны сьледчы. Ён ўпэўнены, што другая справа супраць Чыгіра, якая цяпер расьсьледуецца, будзе мець рэальны, а ня ўмоўны вынік.

“Створаная сур’ёзная сьледчая група і мы адпрацоўваем пытаньні будаўніцтва дома Чыгіра, а таксама выдачы крэдытаў фірме “Пушэ”, якія ня вернутыя. Была створаная сапраўдная “піраміда”, калі новымі крэдытамі кампэнсавалі старыя запазычанасьці, і яшчэ вядзецца спраўджаньне крэдытаў, за якія куплялі аўтамабілі “Шкода” – гэты крэдыт таксама быў атрыманы ў абыход Вярхоўнага Савету”, – заявіў Леанід Глухоўскі, і паабяцаў, што да канца году другая справа супраць Чыгіра будзе расьсьледаваная і перададзеная ў суд.

Варта дадаць, што ў апошнім камэнтары да зьвестак пра новую крымінальную справу Міхал Чыгір заяўляў нашаму радыё наступнае: “Відавочна, гэтым сьледчым няма чаго рабіць, яны выконваюць загад любым чынам зноў назьбіраць супраць мяне кампрамат. Але калі фактычна не атрымалася ў першым выпадку, дык яшчэ горш атрымаецца ў новай справе. Мяне проста запалохваюць, але марна”, – адказаў на новыя абвінавачваньні сьледчых Міхал Чыгір.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org