RFE/RL |
Серада, 28 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Увечары ў Бярозе – раённым цэнтры Берасьцейскае вобласьці – адбудзецца мітынг-сход у падтрымку Ўсебеларускага зьезду за незалежнасьць. Сёньняшні мітынг у Бярозе ладзяць сябры абедзьвюх плыняў БНФ, Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны, Беларускага Жаночага Руху адраджэньня Айчыны, нефармальнага Аб’яднаньня “Бяроза-Картуская” ды іншых арганізацыяў гораду. Пад час гэтай акцыі плянуецца абраць дэлегатаў на Ўсебеларускі зьезд за незалежнасьць, які пройдзе напрыканцы ліпеня. Арганізатары сёньняшняй акцыі зьбіраліся правесьці з гэтае нагоды адмысловы сход у гарадзкім Доме культуры, але бярозаўскія ўлады адмовіліся прадставіць памяшканьне. У рашэньні раённага выканкаму, якое было атрыманае толькі за два дні да заплянаванага сходу, нагадвалася, што праводзіць падобныя акцыі дазваляецца толькі на гарадзкім стадыёне – менавіта гэтае месца вызначанае мясцовай “вэртыкальлю” для правядзеньня масавых акцыяў, што ладзяцца без удзелу афіцыйных уладаў. Акрамя таго пад час сёньняшняга мітынгу-сходу Бярозаўскі раённы выканкам таксама традыцыйна забараніў збор подпісаў і распаўсюджаньне інфармацыйных матэрыялаў. Справа ў тым, што пад час папярэдняй акцыі, прымеркаванае да 5-х угодкаў травеньскага рэфэрэндуму прыхільнікі адраджэньня бацькаўшчыны зьбіралі ў Бярозе подпісы за стварэньне Беларускага Нацыянальнага ўнівэрсытэту і супраць аб’яднаньня Беларусі з Расеяй. Прадстаўнікі ўладаў тады фактычна сарвалі акцыю, пасьля чаго арганізатары вырашылі зьвярнуцца ў судовыя ворганы, каб абскардзіць дзеяньні “вэртыкалі”. Але Бярозаўскі раённы суд адмовіўся прымаць скаргу, матывуючы гэта тым, што сам пікет быў дазволены, а забарону на збор подпісаў і распаўсюджваньне інфармацыйных матэрыялаў пад час гэтай акцыі трэба абскарджваць у вышэйстаячую арганізацыю. У Берасьцейскім жа абласным выканкаме цалкам пагадзіліся зь дзеяньнямі бярозаўскіх уладаў. Застаецца зазначыць, што сёньняшні мітынг-сход у Бярозе распачнецца а 20-й гадзіне. Арганізатары акцыі з-за немагчымасьці даць адпаведную аб’яву ў афіцыйнай раённай газэце, заклікаюць мясцовых жыхароў прыйсьці на гэтую акцыю з дапамогаю ўлётак. Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |