RFE/RL |
Серада, 28 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Заўтра ў Менску адбудзецца перазахаваньне даваеннага начальніка ўправы НКВД-НКГБ Менскае вобласьці капітана Арцемія Васілеўскага. Беспрэцэдэнтная акцыя беларускіх спэцслужбаў распачнецца а 1-й гадзіне дня мітынгам у памяшканьні клюбу імя Дзяржынскага, а потым працэсія рушыць у бок Маскоўскіх могілак, дзе адбудзецца пахаваньне парэшткаў супрацоўніка карных ворганаў. Разам з Васілеўскім будзе пахаваны ягоны ад’ютант малодшы сяржант ГБ Ўладзімер Лявошка. Парэшткі, якія маглі б належаць супрацоўнікам НКВД, былі знойдзеныя ў вёсцы Коскі Талачынскага раёну. Больш за год вялася ідэнтыфікацыя, і цяпер у КГБ ўпэўненыя, што знойдзены менавіта Васілеўскі ды ягоны ад’ютант. Абодва былі зьнішчаныя ў лістападзе 1941 году, калі, адбіўшыся ад сваіх, зьбіраліся перазімаваць у нямецкім тыле. Амаль 60 гадоў парэшткі супрацоўнікаў КГБ праляжалі ў зямлі. Але сёньняшнія пасьлядоўнікі Васілеўскага палічылі, што начальнік ўправы НКГБ Менскае вобласьці, які ў 30-я гады меў непасрэднае дачыненьне да масавых палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, варты пахаваньня на самых прэстыжных у Беларусі Маскоўскіх могілках. Косткі растраляных чэкістамі – калегамі Васілеўскага – у Курапатах свайго ўшанаваньня пакуль яшчэ чакаюць. Заўтра мы паведамім, як праходзіла перазахаваньне даваеннага начальніка
НКВД Менскае вобласьці Арцемія Васілеўскага.
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |