RFE/RL |
Серада, 28 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Амэрыканская газэта The New York Times надрукавала артыкул, у якім паведамляе, што лідэры парлямэнцкіх фракцыяў Дзяржаўнае Думы Расеі зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам даць магчымасьць апазыцыі ўдзельнічаць у восеньскіх парлямэнцкіх выбарах. Аглядальнік The New York Times Патрык Тылер заўважае, што зварот расейскіх “думцаў” надае яшчэ большую палітычную вагу звароту да эўрапейскіх палітычных лідэраў, што Расея падзяляе трывогу за будучыню дэмакратыі ў Беларусі. The New York Times нагадвае, што на працягу апошняга году бясьсьледна зьніклі некаторыя апазыцыйныя лідэры, іншыя або эмігравалі, або былі кінутыя ў вязьніцу, былі зачыненыя некаторыя газэты, журналісты падвяргаліся перасьледу. “Мы маем намер сур’ёзна скарыстаць усе нашыя магчымасьці, каб дэмакратызаваць выбарчы працэс у Беларусі”, – цытуе газэта словы расейскага дэпутата Алега Навумава, сябра фракцыі “Зьвязу правых сілаў”. “Аднак, – працягвае Навумаў, – мы пазьбягаем ультыматыўнасьці, паколькі лічым, што ўльтыматум толькі паспрыяе ўмацаваньню лукашэнкавага рэжыму. Гэта – тое ж самае, што і ў выпадку зь Мілошавічам у Югаславіі”. Зварот, паводле зьвестак, быў неафіцыйна ўзгоднены з Крамлём. Яго, у ліку іншых, падпісалі кіраўнік блёку “Айчына – уся Расея” Яўген Прымакоў, і Барыс Грызлоў, які ўзначальвае найбольш блізкую да прэзыдэнта Пуціна аб’яднаньне “Адзінства”. Стаяць подпісы й лідэраў фракцыяў “Яблыка” й “Зьвязу правых сілаў”. “Мы перакананыя, што выбарчае заканадаўства ў Беларусі павінна адпавядаць міжнародным эталёнам, і галасаваньне мусіць быць дэмакратычным і справядлівым”, – гаворыцца ў звароце расейскіх дэпутатаў да Лукашэнкі. The New York Times адзначае той факт, што пад час учарашняй сустрэчы Лукашэнкі й Пуціна ані адзін, ані другі ніякім чынам не закраналі праблему дэмакратычнасьці выбараў у Беларусі. Газэта цытуе словы Юрыя Хадыкі, які лічыць, што мае сэнс прымаць удзел толькі ў тых выбарах, якія сапраўды даюць магчымасьць выбару. Аднак, пакуль што з заяваў Лукашэнкі можна зрабіць выснову, што ўлада рыхтуе фарс, а не законныя выбары. The New York Times паведамляе, што на мінулым тыдні беларуская апазыцыя шукала дапамогі менавіта ў Маскве, у лібэральных лідэраў, каб зрабіць ціск на Лукашэнку. “Гэта – наш першы крок у дапамозе дэмакратычным сілам Беларусі”, – заявіў спадар Навумаў, – “і мы меркавалі, вельмі важна, каб пад зваротам былі подпісы кіраўнікоў ня толькі двух, а ўсіх дзевяці фракцыяў Дзяржаўнае Думы”, – цытуе The New York Times словы дэпутата расейскае Дзяржаўнае Думы. Сяргей Навумчык, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |