RFE/RL |
Серада, 28 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
У Страсбургу працягваецца паседжаньне парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Як вядома, у красавіку асамблея разглядала магчымасьць спыненьня сяброўства Расеі ў гэтай арганізацыі з прычыны вайны ў Чачні і пазбавілі яе права голасу. Днямі выканаўчы ворган Рады – камітэт міністраў – рэкамэндаваў аднавіць правы Расеі, паколькі “Масква робіць крокі насустрач”. Традыцыйна парлямэнтарыі заўсёды настроеныя больш крытычна й рашуча, чым прадстаўнікі выканаўчае ўлады, і падзеі ў Страсбургу пацьвярджаюць гэта. Парлямэнтарыі кантактуюць з праваабарончымі арганізацыямі, якія маюць факты жудаснага парушэньня правоў чалавека ў Чачні; міністры замежных справаў звычайна сустракаюцца з афіцыйнымі прадстаўнікамі Крамля, у якіх на чачэнскую вайну іншы погляд. Цяжка сказаць, што меў на ўвазе камітэт міністраў, калі казаў пра “крокі насустрач” з боку Масквы. На гэтым тыдні найбольш заўважальным крокам ёсьць, безумоўна, афіцыйны байкот Расеі сэсіі парлямэнцкай асамблеі. Учора перад удзельнікамі паседжаньня Рады Эўропы выступілі вядучы расейскага тэлевізійнага каналу ОРТ Сяргей Дарэнка й генэральны дырэктар НТВ Яўген Кісялёў. Абодва прадстаўнікі вядучых расейскіх тэлекампаніяў (якія, заўважым, знаходзяцца паміж сабою ў стане пэрманэнтнага палітычнага супрацьстаяньня і творчай канкурэнцыі) – абодва заявілі, што ў Расеі існуе сур’ёзная пагроза свабодзе слова. “Праз год або два проста не застанецца аніякіх грамадзянскіх інстытуцыяў. Вы будзеце размаўляць толькі з адной пэрсонаю – дзяржаўнай машынаю”, – заявіў Дарэнка. Разам з тым, Яўген Кісялёў папярэдзіў, што спробы пакараць Расею могуць мець адмоўны для Захаду вынік. “Якраз цяпер ўзровень антызаходніх, антыэўрапейскіх настрояў у грамадзтве вельмі высокі, вялікі і ўзровень ізаляцыянізму”, – заявіў Кісялёў. Тым часам, Арменія і Азэрбайджан чакаюць ўваходу ў склад Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, хаця іх шанцы выглядалі невялікімі. Арменія ўсё яшчэ мае ў Крымінальным кодэксе сьмяротнае пакараньне; акрамя гэтага, у краіне захоўваецца моцны кантроль дзяржавы над сродкамі масавай інфармацыі. У Азэрбайджане асоба, якая абразіла прэзыдэнта, можа быць асуджаная да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. Тут прэса падвяргаецца жорсткаму ціску, а журналісты – перасьледу. Праваабарончая арганізацыя “Артыкул XIX”, якая займаецца праблемаю свабоды слова й месьціцца ў Лёндане, навогул лічыць, што пра сяброўства Азэрбайджану ў Радзе Эўропы можна казаць толькі ўмоўна. Вось што заявіў на сэсіі кіраўнік гэтай арганізацыі Эндру Пудыфат: (Пудыфат: ) “Маецца шэраг выпадкаў, калі ўлада затрымлівала публікацыю непажаданых матэрыялаў і спыняла вяшчаньне. Таксама ёсьць выпадкі фізычных нападаў невядомых асобаў на журналістаў, і гэтыя выпадкі недасьледваныя”. Ня менш сур’ёзнай перашкодаю да ўваходу ў Раду Эўропы зьяўляецца й супрацьстаяньне абедзьвюх краінаў у справе Нагорнага Карабаху. Аднак Рада Эўропы, арганізацыя, якая рэпрэзэнтуе сябе як абаронца правоў чалавека й дэмакратыі, лічыць магчымым прыняць Арменію і Азэрбайджан у склад Рады. Цяпер патрэбна толькі фармальнае зацьверджаньне камітэту міністраў Рады Эўропы, якое павінна адбыцца ў лістападзе. На сэсіі выступілі два судакладчыкі: Жак Бонмэль – у справе Азэрбайджану, і Дзімітрыа Вольчык – у справе Арменіі, якія былі практычна аднадушныя ў сваіх высновах. Яны лічаць, што прысутнасьць краінаў у Радзе Эўропы спрыяла б ня толькі іхнае дэмакратызацыі, але й найхутчэйшаму вырашэньню нагорна-карабаскага канфлікту. Сяргей Навумчык, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |