RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 28 Чэрвеня 2000

Сёньня



На беларуска-ўкраінскай мяжы ўсё часьцей страляюць. Ледзьве скончылася разьбіральніцтва інцыдэнту на тэрыторыі Берасьцейскага памежнага аддзелу, як зброю скарысталі гомельскія памежнікі. Зь пісталета быў паранены грамадзянін Украіны, які на машыне “Ніва” кантрабандай перасякаў мяжу.

Адмысловыя камісіі зь дзяржаўных памежных ведамстваў Беларусі ды Ўкраіны дасьледавалі абставіны інцыдэнту, што здарыўся каля вёскі Весялоўка недалёка ад гэтак званага манумэнту Дружбы трох славянскіх дзяржаваў: Беларусі, Украіны й Расеі.

Удзельнік камісіі, начальнік Гомельскага памежнага атраду Віктар Бутранец паведаміў, што скарыстаньне зброі ягонымі падначаленымі было апраўданым, адбылося гэта на беларускай тэрыторыі.

Паводле словаў палкоўніка Бутранца, нарад памежнікаў невыпадкова аказаўся ў засадзе на шляху ўкраінскага кантрабандыста – мелася апэратыўная інфармацыя пра магчымую перавозку наркотыкаў. Кіроўца аўтамашыны ня толькі не спыніўся на патрабаваньне памежнікаў, але й нібыта спрабаваў учыніць наезд на афіцэра. Пасьля папераджальных стрэлаў ужо наўздагон быў адкрыты аўтаматны агонь на паражэньне.

Нарад сьцьвярджае – і беларускія СМІ ўжо гэта паўтарылі – што ўцекачы на белай “Ніве” (а іх было ўдвох) зрабілі ў адказ два стрэлы па беларускіх памежніках.

Украінскі бок адвяргае гэта. Вось што сказаў вашаму карэспандэнту па тэлефоне начальнік Чарнігаўскага памежнага атраду Ўкраіны палкоўнік Ўладзімер Касьцюк:

“Многія факты скажоныя, многія факты выдуманыя. Украінскія грамадзяне, канешне, не стралялі ў беларускіх памежнікаў”, – сьцьвярджае палкоўнік Касьцюк, якому цяпер вядомыя абодва пасажыры белай “Нівы” – і той, хто паранены, і той, хто зараз выступае сьведкаю ў справе інцыдэнту.

Цікаўлюся ў суразмоўцы ягоным стаўленьнем да рэжыму кантролю на беларуска-ўкраінскай дзяржаўных мяжах, супрацоўніцтве бакоў у сфэры іх аховы…

“Скажу вам свой пункт гледжаньня – Беларусі трэба хутчэй прымаць законы й падпісваць дакумэнты, якія з украінскага боку на ўзроўні ўраду накіраваны былі вам, Беларусі”, – зазначыў начальнік чарнігаўскіх памежнікаў.

Гутарка, канешне, ідзе пра завяршэньне міжнародна-праўнага афармленьня беларуска-ўкраінскае мяжы. Як вядома, кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў даўно падпісалі дамову пра мяжу. Аднак беларускі парлямэнт пакуль не ратыфікаваў яе. Большай супольнай актыўнасьці патрабуецца і ў справе супрацьдзеяньня нелегальнай міграцыі, барацьбе з кантрабандаю, незаконным перамяшчэньнем зброі, наркотыкаў ды іншых відаў празмежавай злачыннасьці.

Казімер Яноўскі, Гомель


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org