RFE/RL |
Аўторак, 27 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Сталі вядомыя вынікі парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў афрыканскай краіне Зімбабвэ. Прыхільнікі прэзыдэнта Мугабэ атрымалі 62 мандаты, а прадстаўнікі апазыцыйнага “Руху за дэмакратычныя перамены” – правялі ў парлямэнт 57 сваіх прадстаўнікоў. Такім чынам, з гэтага моманту апазыцыя можа заблякаваць любыя канстытуцыйныя папраўкі, якія зыходзяць ад прэзыдэнта Робэрта Мугабэ. Такая вынік выбараў нечаканы для краіны, дзе прэзыдэнт Мугабэ, пачынаючы з 1980 году, кіраваў няспынна. Дарэчы, у папярэднім скліканьні парлямэнту апазыцыя мела толькі тры месцы. Выбары ў Зімбабвэ адбываюцца пасьля шматмесячнага прымусовага выгнаньня з фэрмаў узброеннымі чорнымі вэтэранамі паўстальніцкай арміі – сотняў белых уладальнікаў, і экспрапрыяцыі гэтае ўласнасьці. Апазыцыя сьцьвярджае, што прымусовая экспрапрыяцыя была санкцыянаваная самім прэзыдэнтам Мугабэ. Некаторыя абвінавацілі ўлады ў тым, што яны жадаюць атрымаць падтрымку на выбарах безьзямельных чорных грамадзянаў. Пасьля таго, як ураніцу папярэднія вынікі былі абвешчаныя па нацыянальнай тэлевізіі, прыхільнікі “Руху за дэмакратычныя зьмены” выйшлі на вуліцы сталіцы краіны Харары са сьвісткамі. Яны салютавалі ўзьнятымі рукамі й скандавалі лёзунг “Перамены!”. Аднак лідэры апазыцыйнага “Руху” заўважаюць, што запалохваньне ўладаў паўплывала на вынікі выбараў у некаторых сельскіх раёнах. Юрыст Дэвід Колтарт, які толькі што абраны дэпутатам, паведаміў, што апазыцыя мае намер аспрэчваць вынікі выбараў у некаторых акругах праз суд. “Шмат у якіх акругах улада перамагла толькі таму, што запалохвала людзей”, – сьцьвярджае Колтарт. І тым ня менш, посьпех апазыцыі – уражвае, асабліва на фоне паразы такіх “знакавых” фігураў улады, як міністар юстыцыі Эмэрсан Мнангагва, які лічыцца пераемнікам Мугабэ. Мнангагва прайграў зь лікам 1:2 прадстаўніку апазыцыі, які, дарэчы, быў вымушаны пакінуць свае мясьціны й хавацца ад перасьледу. Другі міністар, Думіса Дабэнгва, атрымаў менш за 4 тысячы з 24 тысячаў галасоў у выбарчай акрузе ў горадзе Булавайа. Зімбабве – краіны, якая месціцца на паўднёвым усходзе афрыканскага кантынэнту. Аднак паміж становішчам у гэтай краіне і сытуацыяй у Беларусі можна правесьці пэўныя паралелі. Мяркуйце самі… Палітычныя працэсы ў краіне адбываюцца на фоне імклівага заняпаду эканомікі, ростам беспрацоўя і жабрацтва. За парушэньне правоў чалавека Зімбабве падвергнутае эканамічным санкцыям з боку разьвітых краінаў. Паводле цяперашняй Канстытуцыі Зімбабве, 30 дэпутатаў у парлямэнце прызначае асабіста прэзыдэнт, што не прызнана сусьветнай супольнасьцю праяваю дэмакратыі. Апошнім часам бясьсьледна зьніклі як мінімум 20 апазыцыйных актывістаў. Міжнародныя назіральнікі адзначылі шматлікія факты запалохваньня ўладамі прадстаўнікоў апазыцыі. А Эўрапейскі Зьвяз, які таксама мае ў Зімбабвэ сваіх назіральнікаў, вывучыўшы ўмовы выбараў, заявіў, што яны ня могуць разглядацца як вольныя і справядлівыя. І, нягледзячы на надзвычай неспрыяльныя абставіны, апазыцыя дамаглася посьпеху, які дае спадзяваньні на ўсталяваньне ў краіне дэмакратыі калі не цяпер, дык у будучыні. Сяргей Навумчык, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |