RFE/RL |
Аўторак, 27 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
У наступную суботу на чарговым зьезьдзе Маладога Фронту плянуецца абраць новага старшыню і ўхваліць праграму арганізацыі. А ўжо сёньня, за тры дні да адкрыцьця зьезду, фактычна пачалося змаганьне за пасаду старшыні Маладога Фронту. Сёньня намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шыдлоўскі заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што маецца вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні. Сваё рашэньне Шыдлоўскі абгрунтаваў жаданьнем выправіць становішча, якое склалася апошнім часам ў гэтай моладзевай арганізацыі: (Шыдлоўскі: ) “Сытуацыя, якая склалася зараз у Маладым Фронце, уяўляецца нам даволі небясьпечнай. Тая арганізацыя, якая стваралася ў 1996 годзе, і тыя мэты – на наш погляд, пачынаюць распушчацца ў паветры, і арганізацыя набывае іншае аблічча, больш – дагматычна–хрысьціянскі, менш – сьвецкі, і можна сказаць – менш сапраўды маладафронтаўскі”. Пікантнасьць сытуацыі, у якой Шыдлоўскі зрабіў заяву, палягае ў тым, што пры гэтым прысутнічаў дзейны старшыня Маладога Фронту Павал Севярынец. Заяву свайго намесьніка Севярынец пракамэнтаваў даволі цьмяна… (Севярынец: ) “Сэнс будзе ня ў тым, якая асоба пераможа, а ў тым – у якім кірунку далей пойдзе Малады Фронт. І я абсалютна нармальна стаўлюся да таго, што ёсьць кандыдаты на пасаду старшыні Маладога Фронту апроч мяне. Гэта слушна, гэта цудоўна, гэта проста здорава”. Павал Севярынец запэўніў журналістаў, што непаразуменьні паміж актывістамі Маладога Фронту выкліканыя выключна рознымі гледзішчамі на далейшае разьвіцьцё моладзевай арганізацыі. Прыхільнікі Севярынца, не зьмяняючы прынцыпова асноўныя кірункі дзейнасьці, будуць імкнуцца пераўтварыць Малады Фронт у агульнанацыянальны моладзевы рух. А вось якім мусіць быць Малады Фронт паводле Аляксея Шыдлоўскага: (Шыдлоўскі: ) “Мы плянуем значна зьменшыць уладныя структуры Маладога Фронту – скарачэньнем Цэнтральнае рады ў першую чаргу. Зараз у Севярынца існуе 10 намесьнікаў без кірункаў дзейнасьці – таму можна сказаць, што гэта вялікі рынак, і ніхто зь іх нічым не займаецца. Павінна быць, на мой погляд, 3-4, максімум 5 – калі там ужо вельмі чыісьці амбіцыі будуць узыгрываць – намесьнікаў. Але – па канкрэтных кірунках дзейнасьці, за якія яны будуць адказваць. Паўнамоцтвы цяперашняга старшыні павінныя быць значна ўрэзаны – стануць больш прадстаўнічыя, чым вырашальныя. Каб не было проста супярэчнасьцяў у арганізацыі, каб не было аніякіх расколаў, а быў толькі плюралізм думак”. Магчымасьць расколу Маладога Фронту абодва лідэры адкінулі. Павал Севярынец кажа, што ў выпадку сваёй паразы на выбарах старшыні ён выйдзе з шэрагаў арганізацыі. У сваю чаргу Аляксей Шыдлоўскі запэўнівае, што ў любым разе застанецца сябрам Маладога Фронту і будзе працаваць на яго карысьць. Ягор Маёрчык, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |