RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 27 Чэрвеня 2000

Сёньня



У Маскоўскім судзе Менску судзілі актывістаў АГП за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце супраць дзеяньняў Менскага гарадзкога выканкаму. Але сёньня прысуды не былі абвешчаныя.

Судзьдзя па адміністрацыйных справах Алена Тройніч, кабінэт якой знаходзіцца ў міліцэйскім будынку, пасьпела разгледзець толькі адміністрацыйную справу намесьніка старшыні менскай раённай арганізацыі Аб’яднанае Грамадзянскае партыі Ўладзімера Раманоўскага, узбуджаную супрацоўнікамі Маскоўскага РАУСу паводле артыкулу 167 часткі 2 (арганізацыя несанкцыянаванай масавай акцыі). З-за недахопу часу прысуд так і ня быў абвешчаны.

У судовым паседжаньні Ўладзімер Раманоўскі патлумачыў, што, атрымаўшы адказ ад намесьніка старшыні Менскага гарадзкога выканкаму Віктара Чыкіна пра тое, што пікетаваньне мае не прысутны, а дазваляльны характар, Рада АГП вырашыла праводзіць пікет. Сябры Рады кіраваліся думкаю: што не забаронена – тое дазволена.

Сёньня ўсё разбіральніцтва ў гэтай справе было накіраванае на аналіз блытанага адказу Чыкіна. Сьведка ў справе – падпалкоўнік міліцыі Андрэй Мухтараў – сваімі адказамі насьмяшыў прысутных. У прыватнасьці, ён патлумачыў, што меў сумнеў наконт пікетоўцаў, бо, калі прачытаў адказ Чыкіна, ня мог зразумець: ці дазволены пікет, ды “на ўсялякі выпадак” вырашыў затрымаць людзей і ўзяць ад іх пісьмовыя тлумачэньні. Наконт сэнсу супярэчлівага адказу Менскага гарадзкога выканкаму падпалкоўнік Мухтараў патлумачыў: “Спачатку да мяне не дайшло, а потым, калі я прачытаў уважліва са знакамі прыпынку – дайшло. Паколькі там няма прамога дазволу, дык пікет трэба лічыць недазволеным, бо, што не дазволена – тое забаронена”.

У сёньняшнім паседжаньні высьветлілася, што ў міліцыі акрамя ўжо вядомых грамадзянам гэтак званых групаў “изъятия”, “назіраньня”, зьявіліся яшчэ й групы “тлумачэньня”. Так, сьведка – участковы інспэктар Андрэй Нехвядовіч – суду патлумачыў, што на пікеце ён быў у гэтай групе, і “ў яе задачу ўваходзіла тлумачыць людзям, што яны памыляюцца”.

Сьведка з боку абароны Рыгор Гітліц на пытаньне суддзі: “Чаму вы інфармавалі Менскі гарадзкі выканкам пра тое, што маеце намер правесьці пікет, а не прасілі яго даць дазвол на пікетаваньне?”, адказаў, што яму, Гітліцу, не патрэбны дазвол Чыкіна на правядзеньне пікету. Перашкодаю тут можа быць толькі пагроза бясьпекі пікетоўцам або іншым грамадзянам.

Уладзімер Раманоўскі з судовай залі паведаміў «Радыё Свабода»: «Мне здаецца, што суд прыняў да ўвагі тое, што ахвярамі неабдуманых і папросту нецьвярозых думак Чыкіна сталі ў першую чаргу супрацоўнікі міліцыі. Яны сябе няёмка адчувалі ў судзе. Мне іх было шкада, бо яны вымушаныя былі тлумачыць свае няпраўныя дзеяньні й шукаць лёгіку ў рашэньні Чыкіна.

Ды й сам канфлікт з Менскім гарадзкім выканкамам не з-за асабістых стасункаў з Чыкіным… Я, увогуле, лічу, што спрэчкі сябраў палітычных партыяў зь Менскім гарадзкім выканкамам абумоўленыя тым, што Чыкін зьяўляецца старшынём ЦК КПБ», – паведаміў Уладзімер Раманоўскі.

Суд апытаў восем сьведкаў і працягваўся больш за тры гадзіны. Калі ўжо скончыўся працоўны дзень, судзьдзя Алена Тройніч абвясьціла, што заўтра зачытае прысуд у справе Раманоўскага й будзе разглядаць справы Людмілы Бажок, Сяргея Альфера й Галіны Ганчарык.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org