RFE/RL |
Аўторак, 27 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Работнікі сельскае гаспадаркі зьвяртаюцца да такіх формаў пратэсту як страйк. Учора мэханізатары калгасу “Дубровы” Сьветлагорскага раёну адмовіліся ехаць на нарыхтоўку кармоў. Галоўнае патрабаваньне мэханізатараў – выплата заробку. Калгас завінаваціўся ім ня толькі за ўсе веснавыя месяцы, але нават і за люты. Угаворвалі трактарыстаў распачаць працу і старшыня гаспадаркі Мікалай Дашкоўскі, і галоўны інжынэр Уладзімер Шорап. Сытуацыя крыху зьмянілася, калі з калгаснай бугальтэрыі паведамілі, што ў банк на рахунак гаспадаркі зь мясакамбінату паступілі сродкі за здадзеную жывёлу, і пасьля абеду бугальтэрыя пачне выдаваць заробак за люты. Частка мэханізатараў адправілася перавозіць сена, астатнія чакалі абяцаных грошай. Іх сапраўды прывезьлі ў калгас і разьлічваліся ледзь не да цямна. Сёньня ў “Дубровах” зноў загрузілі дзьве вялікагрузныя машыны жывёлаю і адправілі на мясакамбінат у Калінкавічы, каб мець грошы на выплату заробку за сакавік. На гэта патрэбна звыш 4 мільёнаў рублёў у новых цэнах. Яшчэ большы доўг – за красавік і травень. Пажарныя захады са здачаю жывёлы на заробак прыводзяць, аднак, да значных фінансавых стратаў. Вось што распавёў з гэтае нагоды калгасны эканаміст Уладзімер Бусел: “Справа ў тым, што звычайна падвышэньне цэнаў на мяса й мясныя прадукты адбываецца 4-га, 5-га, 6-га дня новага месяцу, а зараз – канец чэрвеня, жывёлу збываць няма сэнсу. Мы зноў з гэтай здачаю страцім значныя сумы”, – сказаў спадар Бусел. Незважаючы на эканамічныя выгоды, калгасныя кіраўнікі мкнуцца ўсё ж такі любым чынам раздабыць грошы, бо сытуацыя ў вёсках сапраўды напружаная. Па 3-4 месяцы заробак ня плацяць ня толькі ў “Дубровах”, але і ў большасьці калгасаў і саўгасаў вобласьці. Агульная сума запазычанасьцяў вяскоўцам цяпер у сельскай гаспадарцы перавысіла 1,5 мільярды рублёў. Гэта болей, чым у прамысловасьці, будаўніцтве, іншых галінах, разам узятых. Казімер Яноўскі, Гомель
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |