RFE/RL |
Аўторак, 27 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
У Пінску больш як на тры тыдні затрымліваюць выплату травеньскага заробку супрацоўнікам мэдычных установаў. Нягледзячы на абяцаньні мясцовых уладаў, у бліжэйшы час сытуацыя наўрад ці выправіцца. У знак пратэсту мэдработнікі адмаўляюцца ехаць у калгасы на нарыхтоўку кармоў. На сёньняшні дзень запазычанасьць гарадзкога бюджэту перад мэдыкамі толькі ў заробку складае больш за 67 мільёнаў рублёў. На мінулым тыдні лідэры афіцыйных прафсаюзаў мэдычных установаў гораду сустрэліся са старшынём гарадзкога выканкаму Васілём Шустом і ягоным намесьнікам, якія паабяцалі выплаціць травеньскія заробкі да 1 ліпеня. Аднак, як нам паведамілі ў гарадзкім фінансавым аддзеле, гэта наўрадці магчыма, бо з прадпрыемставаў гораду паступае вельмі мала сродкаў, а абласны бюджэт сёлета ў Пінск грошай не дае. Тое, што атрымліваецца назьбіраць, накіроўваюць на самае неабходнае – прыкладам, на харчаваньне ў дзіцячых садкох, дзе дзяцей зараз няма чым карміць. Мэдработнікам часам пералічваюць грошы невялічкімі часткамі. Прыкладам, учора работнікі гарадзкога псыханэўралягічнага дыспансэру замест заробку атрымалі па 2-3 тысячы рублёў. Калі будзе рэшта – невядома. У мэдычных установах вельмі бракуе хірургічных інструмэнтаў, перавязных матэрыялаў ды нават самых простых і танных лекаў. Сьвятлана Турбалава, прафсаюзны лідэр мэдработнікаў гораду, паведаміла нашаму радыё, што ўсё ж спадзяецца, што заробкі да канца тыдня будуць выплачаныя. А калі не, дык мэдработнікі будуць “прадпрымаць дзеяньні”, але якія канкрэтна – будзе вядома пасьля 1 ліпеня. Але ўжо зараз мэдработнікі пратэстуюць, адмаўляючыся ехаць у калгасы на нарыхтоўку сена. Яўген Тацуха, галоўны лекар найбольш буйное мэдычнае ўстановы гораду – Пінскае гарадзкое больніцы, у якой працуе больш за 1000 чалавек, напярэдадні заявіў на мясцовай тэлевізіі, што разумее сваіх падначаленых і калегаў, якія ня хочуць касіць сена ў час, калі грошай няма нават на ежу. Дарэчы, сёлета ў параўнаньні зь мінулым годам хірургі ды мэдсёстры з гарадзкой больніцы павінны нарыхтаваць сена ў 2 разы болей – 231 тону. Такім чынам, калі ўлады да канцу тыдня ня знойдуць сродкаў на заробкі мэдработнікам, тыя могуць адмовіцца ня толькі касіць, але й выконваць сваю непасрэдную працу. Аляксей Дзікавіцкі, Пінск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |