RFE/RL |
Панядзелак, 26 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
25 жніўня споўнілася 95 гадоў з дня нараджэньня народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі. Пры жыцьці ён быў на вяршыні літаратурнай і грамадзкай славы, аднак сёньня толькі юбілейная дата стала падставаю дзеля згадкі ягонага імя. Юбілей Петруся Броўкі будзе сьвяткавацца тры дні. 27 чэрвеня пройдзе вечарына ў кватэры паэта па вуліцы Карла Маркса ў Менску, якая пасьля ягонае сьмерці 20 гадоў таму была ператвораная ў музэй. А 28–га – у бібліятэцы Саюзу пісьменьнікаў працяг сьвята. Яно завершыцца 30 чэрвеня на радзіме Броўкі ў вёсцы Пуцілкавічы, што на Ўшаччыне, дзе ў роднай хаце паэта існуе філія менскага музэю. Усе тры імпрэзы будуць камэрнымі, на якія зьбяруцца найперш родныя і блізкія юбіляра. Гэта будзе даніна памяці сваяку й сябру, які пры жыцьці быў на вяршыні літаратурнае і грамадзкае славы. Якога і ў апошні шлях праводзілі з урачыстасьцямі, роўнымі з тымі, якімі ганаравалі тады партыйных ды дзяржаўных кіраўнікоў. Вось як пра гэта памятаецца маладому паэту й перакладчыку Сержу Мінскевічу… (Мінскевіч: ) “Што тычыцца Броўкі, дык мяне больш уразіла ягонае пахаваньне. Я тады быў 11-гадовым хлапчуком і жыў на пляцы Перамогі – і бачыў, што такая вялікая працэсія ідзе па прашпекту Леніна (ён тады так называўся)… І гэта мяне зацікавіла. …Аказваецца, гэта была гармата, на лафэце якой была труна. І ў труне ляжаў паэт. Паэт Пятрусь Броўка. Мяне вельмі ўразіла, што менавіта так хаваюць паэта… Гэта ўражвала. Прыгожая была такая працэсія”. А яшчэ Сержу Мінскевічу запомнілася, што неўзабаве пасьля гэтае цырымоніі пахаваньня на тралейбусным маршруце нумар адзін у Менску заместа прыпынку “Вуліца Падлесная” зьявіўся прыпынак “Вуліца Петруся Броўкі”. А вось школьных урокаў, прысьвечаных творчасьці Броўкі, ён не памятае. Як, зрэшты й прысьвечаных гэтаму ўнівэрсытэцкіх лекцыяў. Для маладога пакаленьня беларускіх паэтаў, якое прыйшло ў літаратуру з дыплёмамі філёлягаў, творчы здабытак Петруся Броўкі аніяк не прыдаўся. Ён не патрапіў у поле іхных прафэсійных зацікаўленьняў, як і многія іншыя гіпэртрафаваныя фігуры беларускае савецкае літаратуры. З аднае простае прычыны – іх узьвялічылі не адпаведна іхнаму паэтычнаму таленту, а выключна дзякуючы іхнае грамадзка-палітычнае функцыі. І ў гэтым сэнсе пашана, якая выпала пры жыцьці на долю Петруся Броўкі, цалкам заслужаная. Нават калі ня браць пад увагу ідэялягічна вывераную тэматыку ягоных твораў, правільнае, так бы мовіць, кіраваньне на працягу ажно 20-ці гадоў Саюзам пісьменьнікаў Беларусі, публічныя выступы ў падтрымку курсу партыі на змаганьне з нацыянальнай інтэлігенцыяй – за ўсё гэта камуністычная ўлада шчодра дзячыла сваіх слугаў. І Пятруся Броўку яна ўзнагародзіла званьнем заслужанага дзеяча навукі, народнага паэта, акадэміка, героя сацыялістычнае працы. Але на рахунку Броўкі – ня толькі адданасьць партыйнай ідэі. Галоўны – і самы важкі вынік ягонага шчырага функцыянаваньня – стварэньне выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя”. Яно, нягледзячы на многія ідэялягічныя абмежаваньні, стала асноўным выдаўцом унівэрсальнае беларускае даведніцкае літаратуры. І помнікам Броўку-грамадзкаму дзеячу. Ну, а Броўка-паэт ці стварыў сабе помнік? (Мінскевіч: ) “Ад паэта засталося толькі “Пахне чабор””. З гэтым цьверджаньнем Сержа Мінскевіча – прадстаўніка сёньняшняга пакаленьня беларускіх паэтаў, цяжка не пагадзіцца. Валянціна Аксак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |