RFE/RL |
Пятніца, 23 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ ня будзе браць удзелу ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў Беларусі, правядзеньне якога заплянаванае на 2-га ліпеня ў Менску… Пра гэта гаворыцца ў звароце, падпісаным кіраўніком партыі Зянонам Пазьняком і адказным сакратаром Управы Анатолем Крываротам. “Скліканьне пад час падрыхтоўкі да Ўсебеларускага зьезду Кангрэсу з паралельнымі задачамі – гэта мэтанакіраваная дзейнасьць у справе дэвальвацыі самой ідэі гэтай вялікай грамадзкай ініцыятывы” – гаворыцца ў звароце. Сытуацыю камэнтаруе адказны сакратар Управы БНФ Анатоль Крыварот: (Крыварот: ) “Мы ня супраць правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў. І кожныя сілы маюць права праводзіць і кангрэсы, і зьезды. Але ў той сытуацыі, калі 29 ліпеня адбудзецца Ўсебеларускі зьезд у абарону незалежнасьці, – будзем лічыць, што гэта галоўнае мерапрыемства ў апошнія месяцы – любыя спробы правесьці іншае мерапрыемства адцягваюць увагу і міжнароднай супольнасьці, і беларускага грамадзтва ад Усебеларускага зьезду ў абарону незалежнасьці Бацькаўшчыны. Любыя спробы прынізіць значэньне Ўсебеларускага зьезду мы разглядаем як супрацьдзеяньне нацыянальнаму вызвольнаму руху і наагул нацыянальным інтарэсам Беларусі. Гэта рашэньне прымалася на сойме”. (Карэспандэнт: ) “Скажыце, ці ўсе сябры сойму былі згодныя з такім рашэньнем?” (Крыварот: ) “Так, гэтае рашэньне было прынятае адзінагалосна. Падтрымалі практычна ўсе сябры партыі, кіраўнікі нашых структураў і рады”. (Карэспандэнт: ) “Скажыце, спадар Крыварот, Вы гаворыце, што Кангрэс дэмакратычных сілаў адцягне ўвагу ад Усебеларускага зьезду за незалежнасьць. Ці варта, ці можна ўвогуле гаварыць пра канкурэнцыю ў справе правядзеньня форумаў дэмакратычных сілаў?” (Крыварот: ) “Ініцыятыва правядзеньня Ўсебеларускага зьезду прымалася яшчэ ўвесну. Ідзе вельмі напружаная праца: мы падтрымліваем на месцах дзеяньні грамадзянаў для вылучэньня дэлегатаў на зьезд. Справа ў тым, што Кангрэс абвесьцілі месяц назад. Ці можна дэмакратычна сабраць і правесьці такое мерапрыемства за месяц? Канешне, калі сабраць явачным парадкам, дык можна і 2 тысяча, і 3 тысячы, і 20 тысячаў можна сабраць. Можна на плошчы правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў. Але для чаго ён? Каб прыняць рашэньне аб няўдзеле ў выбарах? Гэта павінна прыняць кожная партыя. Якая зараз можа быць іншая справа, як не бараніць незалежнасьць Бацькаўшчыны? Я ня бачу больш значнай для палітычных партыяў справы. Нашая партыя не ўваходзіць у аб’яднаную апазыцыю, якая выступіла ініцыятарам правядзеньня Кангрэсу. Іхная справа. Але ж мы памятаем, як напярэдадні Дзядоў мінулагодніх акцыя 17-га кастрычніка практычна сарвала Дзяды. Мы ведаем, што 15 сакавіка, калі праводзіўся Марш нумар 2, ён практычна паставіў пад зрыў 25-га сакавіка. Гэта найвялікшае сьвята беларусаў. Мы ж павінныя аналізаваць тэндэнцыі, бачыць тэндэнцыі”. Гутарыла Вольга Караткевіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |