RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 23 Чэрвеня 2000

Сёньня



Ня ўсе ведаюць, што Купальле ў некаторых краінах адзначаецца нават больш урачыста, чым у Беларусі. Напрыклад, у Фінляндыі…

Купальле па-фінску – “юханнос”. У Фінляндыі – другое паводле значнасьці сьвята. Пасьля Раства Хрыстова. Аднак, калі сьвята Нараджэньня Божага сьвяткуецца ў вузкім сяменым коле, то Купальле – гэта сьвята адкрытае. І ніхто не застаецца дома.

Апроч таго, гэтае сьвята – дзяржаўнае. Таму за дзень да Купальля ўсе ўстановы і прадпрыемствы заканчваюць працу ў 13.00, і гарады пусьцеюць. Бо ўсе разьязджаюцца па вёсках ды лецішчах.

У гонар вялікага сьвята паўсюдна, над кожным пад’ездам у гарадах, у кожным вясковым двары вывешваюцца дзяржаўныя сьцягі. А 18.00 напярэдадні Купальля людзі зьбіраюцца на сьвята. Звычайна гэта адбываецца каля азёраў, каля мора ці рэчак.

Канцэрты прафэсійных і самадзейных артыстаў цягнуцца гадзінаў да адзінаццаці. Потым на маленькіх выспах на азёрах, на берагах рэчак запальваюцца купальскія агні.

У Гэльсынках на сьвята застаецца ня больш як чвэрць жыхароў, бо фіны, як і беларусы, нацыя вясковая. Для тых, хто застаецца, на берагах мора, на невялікім музэйным востраве Сэўрасаары таксама наладжваюцца купальскія сьвяты.

Спачатку ў вялізны скальны амфітэатар выносяцца дзяржаўныя сьцягі, вымпелы губерняў. Усе ўстаюць і сьпяваюць дзяржаўны гімн. Потым пачынаюцца канцэрты і танцы. Затым уздоўж берагоў праплываюць чаўны, зь якіх падпальваюцца розныя паводле формы вогнішчы.

Дэманструюцца традыцыі сьвяткаваньня Купальля ў розных месцах Фінляндыі. Сьпяваюцца купальныя песьні, якія падхопліваюць амаль усе прысутныя. І нават дзеці.

Такім чынам ад дзяцінства малыя прывучаюцца шанаваць свае сымбалі і традыцыі. А за тыдзень да Купальля ўсе людзі – прадаўцы – купцам, пасажыры – кіроўцам, прадпрымальнікі – кліентам і наадварот жадаюць вясёлага Купальля.

Якуб Лапатка, Гэльсынкі


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org