RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 23 Чэрвеня 2000

Сёньня:



(эфір 24 чэрвеня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Расея ўжо доўгі час адхіляе ідэю ўтварэньня зоны свабоднага гандлю ў межах СНД. Выказваліся спадзяваньні, што маскоўскі саміт лідэраў Садружнасьці станоўча вырашыць гэтую праблему. Але надзеі былі дарэмныя.

У чым прычыны нежаданьня Расеі пайсьці насустрач астатнім краінам СНД і ўтварыць саюз свабоднага гандлю? Яны ў тым, што Расея ў замежным гандлі з краінамі СНД мае станоўчае сальда памерам звыш 10 млрд. рублёў. І калі на экспартныя тавары падатак на даданую вартасьць будзе налічвацца краінамі, куды тавар паступіў, дык Расея пачне губляць мільярды даляраў. Сёньня на такую ахвяру яна пайсьці ня можа.

Уладзімер Пуцін папрасіў адтэрмінаваць прыняцьце рашэньня пра зону свабоднага гандлю на год, да 1 ліпеня будучага году. Зьвязана гэта з тым, што ў Расеі пачалася лібэралізацыя эканомікі паводле праграмы, распрацаванай міністрам эканомікі Германам Грэфам. Зьніжаюцца падаткі, адлічэньні ў сацыяльны фонд, ствараюцца ўмовы для замежных інвэстыцыяў, скарачэньня ценявай эканомікі й г.д.

Зрушацца рэформы, пачнецца ўздым эканомікі, падвысіцца жыцьцёвы ўзровень людзей – тады Расея можа рызыкнуць – пайсьці на ўтварэньне зоны свабоднага гандлю.

Сёньня Расея ня можа нават зьнізіць тарыфы на чыгуначныя перавозкі. Наадварот, робіцца ўсё, каб абараніць уласныя інтарэсы. Толькі што прынятая пастанова расейскага ўраду наконт скарачэньня экспарту мазуту. Рэзка падвышаная мыта пры яго вывазе. Узмацняецца мытны кантроль на ўсіх межах, у тым ліку і зь Беларусьсю. Вось вам і інтэграцыя.

Чаму прагнуць зоны свабоднага гандлю іншыя краіны – таксама не навіна. Гэта відаць на прыкладзе Беларусі. І бяз зоны свабоднага гандлю праз розьніцу ў цэнах на сыравіну й паліва Расея штогод дае Беларусі субсыдыі, паводле ацэнкі аналітыкаў, на суму 1,5-2,0 млрд. даляраў. Але сёньня гэтага ўжо мала. І дадатковыя паступленьні ў бюджэт ад падатку на даданую вартасьць на імпарт з Расеі, які займае пераважнае месца ў замежным гандлі (у межах 60 адсоткаў замежнага таваразвароту) былі б беларускім уладам вельмі дарэчы.

Сёньня з-за фінансавых цяжкасьцяў пад пагрозаю выплаты адпускных настаўнікам. Вайсковыя пэнсіянэры патрабуюць падвышэньня пэнсіяў (пазаўчора А.Лукашэнка ім адмовіў). Для правядзеньня жніва й нарыхтоўкі кармоў сельскай гаспадарцы тэрмінова патрэбна 50 млрд. рублёў. Такіх грошай няма. Пайсьці на эмісію? – значыць, сарваць лібэралізацыю валютнага курсу рубля. Куды ня кінь – паўсюль клін. Таму адмова Расеі ад усталяваньня зоны свабоднага гандлю – моцны ўдар па адміністрацыйнай эканоміцы Беларусі.

Загнаўшы нацыянальную эканоміку ў кут, Лукашэнка пасьля маскоўскага саміту публічна заявіў, што Беларусь гатовая прыняць расейскі рубель як адзіны разьліковы сродак, бо ад гэтага, маўляў, выйграе болей, як ад зоны свабоднага гандлю. Пра тое, што пры гэтым краіна страціць свой эканамічны й палітычны сувэрэнітэт, Лукашэнка маўчыць.

Уладзімер Кулажанка, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org