RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 23 Чэрвеня 2000

Сёньня



26-га чэрвеня ў гомельскіх сярэдніх школах пройдуць выпускныя вечары. Усе ў адзін дзень. Аднак гарадзкія ўлады забаранілі ў гэты дзень праводзіць выпускныя балі ў рэстаранах, барах і кавярнях…

Распараджэньне наконт забароны за нумарам 278 падпісаў яшчэ ў траўні старшыня гарвыканкаму Аляксандар Якабсон. А два дні назад з гэтай нагоды ў выканкаме адбылася спэцыяльная нарада. У распараджэньні ёсьць патрабаваньне да раённых адзьдзелаў адукацыі, дырэктараў школаў падаваць у выканкам і міліцыю інфармацыю, дзе будуць знаходзіцца выпускнікі ўначы з 26-га на 27-га чэрвеня.

Гэта зроблена для таго, каб даслаць у месцы збору выпускнікоў міліцэйскія нарады. Камунальным службам дадзенае заданьне наладзіць асьвятленьне школьных двароў, гарадзкога парку, набярэжнай ракі Сож.

Мэдычныя ўстановы мусяць выдзеліць 3 аўтамашыны хуткай дапамогі, дзяжурства якіх, як і міліцыі, будзе да 6 раніцы. Выдадзена распараджэньне і пра забарону продажу сьпірытусовых напояў у гарадзкіх крамах ад 18-ці гадзінаў вечару да 8-й наступнага дня.

Выпускнікі і бацькі, канешне, ня супраць апошняга абмежаваньня. Выклікае аднак пярэчаньне з боку выпускнікоў адзначыць канец навучаньня ў рэстарацыях. Вось што кажа з гэтай нагоды выпускніца школы нумар 10 Вольга Ледзянкова:

(Ледзянкова: ) “Нашыя памяшканьні не прыстасаваныя для баляў. У кавярнях умовы, натуральна, лепшыя…”

Такога ж меркаваньня прытрымліваюцца і іншыя выпускнікі. Яны лічаць, што ўрачыстая частка вечару з выдачай дыплёму мусіць быць у школе. А астатняе – справа за выпускнікамі: дзе патаньчыць, павесяліцца, успомніць праведзеныя ў школе гады.

Казімір Яноўскі, Гомель


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org