RFE/RL |
Пятніца, 23 Чэрвеня 2000 |
Сёньня: |
(Эфір 24 чэрвеня) Навіны культуры мінулага тыдню. У Віцебскім мастацкім музэі адчынілася выстава адрэстаўраваных твораў Юдаля Пэна, колішняга настаўніка Марка Шагала. Калекцыя музэя налічвае каля 150 карцінаў гэтага майстра, многія зь якіх раней не выстаўляліся. Пэрсанальнай выставаю Віцебск прабачыўся перад Пэнам за тое, што два месяцы таму аматары каляровых мэталяў скралі з могілак бронзавы бюст мастака. Першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага ладзіць фэстываль сярэднявечнае культуры “Наваградак – 2000”. Гэта буйнейшая імпрэза такога кшталту на ўсім пост-савецкім абшары: у ёй бяруць удзел каля 500 ваяроў, якія прадстаўляюць 43 рыцарскія клюбы з шасьці краінаў. Сёньня прайшоў турнір, дзе рыцары спаборнічалі ў фэхтаваньні й стральбе з арбалетаў, а заўтра яны падзеляцца на дзьве арміі, адна зь якіх – “крыжацкая” – паспрабуе ўзяць штурмам руіны Наваградзкага замку. У 200-тамовай сэрыі “Беларускі кнігазбор” выйшаў найбольш поўны зборнік твораў польскае пісьменьніцы Элізы Ажэшкі, якая большасьць жыцьця пражыла ў Горадні. Пераклад аповесьцяў і нарысаў Ажэшкі пра беларускіх сялянаў зрабілі Янка Брыль, Галіна Тычка і Ядзьвіга Бяганская. Нечакана пайшоў з жыцьця паэт Віктар Ракаў, які шмат гадоў быў адказным сакратаром часопіса “Полымя”: спынілася сэрца, калі ён мыўся ў лазенцы сваёй менскай кватэры. Небарака жыў адзін, і знайшлі яго ў жахлівым стане толькі праз два тыдні. 1 ліпеня ў Беларусі мае адчыніцца новы ўнівэрсытэт. Міністэрства адукацыі пастанавіла пераўтварыць Берасьцейскі політэхнічны інстытут у Берасьцейскі Дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт. У наступным навучальным годзе тут зьявіцца новая спэцыялізацыя: інжынэр па эксплюатацыі і рэпарацыі транспартных сродкаў. Беларускае таварыства “Кніга” выпусьціла кішэнны зборнік народных замоваў, якія падрыхтаваў да друку паэт Ніл Гілевіч. Колісь, яшчэ за саветамі, Гілевіч выкладаў на філфаку БДУ і, насуперак загадам адміністрацыі, прымушаў сваіх студэнтаў зьбіраць у экспэдыцыях беларускія “мантры”. Некалькі соцень найбольш дзейсных замоваў, асабіста выпрабаваных народным паэтам, сталіся другой кніжкаю ў сэрыі мініятурных сувэнірных выданьняў таварыства “Кніга” (першая была прысьвечаная Максіму Багдановічу). Берлінскі Дом культураў сьвету наладзіў для беларускіх дзяцей і падлеткаў конкурс малюнкаў і аповедаў пра ўлюбёныя куткі Менску. Лепшыя творы будуць апублікаваныя ў інтэрнэце і ў літаратурным часопісе бярлінскае моладзі, а таксама стануцца экспанатамі адмысловае выставы пра эўрапейскія сталіцы ў берлінскім вакзале “Франдрыхтрасэ”. Творы на конкурс трэба даслаць ці прынесьці ў менскі Інстытут Гётэ або ў музэй Янкі Купалы да 5 ліпеня. Юрась Барысевіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |