RFE/RL |
Чацьвер, 22 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Саміт кіраўнікоў краніаў СНД, які прайшоў учора ў Маскве, ня дазваляе сьцьвярджаць, што прагматычная пазыцыя новага гаспадара Крамля прымусіла Лукашэнку адмовіцца ад плянаў аб’яднаньня з Расеяй. Сярод вынікаў саміту кіраўнікоў краінаў СНД, які прайшоў учора ў Маскве, назіральнікі ставяць на першае месца Заяву ў справе падтрыманьня стратэгічнай стабільнасьці і падтрымку ратыфікацыі Расеяй Дамовы СНУ-2, аб забароне ядзерных выпрабаваньняў і пакету пагадненьняў у справе супрацьракетнай абароны. Сапраўды, найбольш канкрэтныя дасягненьні апошняга саміту палягаюць менавіта ў сфэры таго, што завецца рэгіянальнай бясьпекай у межах СНД. Менавіта на гэта зьвяртае сёньня ўвагу ўплывовая амэрыканская газэта Wall Street Journal, адзначаючы, у прыватнасьці, што прычынай стварэньня агульнага антытэрарыстычнага цэнтру ёсьць актывізацыя экстрэмісцкіх праісламскіх рухаў у Цэнтральнаазіяцкім рэгіёне. Але існуюць і яшчэ некалькі, магчыма, менш эфэктных, але істотных рашэньняў. Гэта, найперш – фактычнае стварэньне аб’яднаньня, якое атрымала назоў “каўказскай чацьвёркі”. І хаця яно адбылося фармальна па-за межамі саміту – на сустрэчы прэзыдэнтаў Азэрбайджану, Арменіі, Грузіі і Расеі – аднак, відавочна, што ў іншым месцы яно магло б быць вельмі праблематычным. Мэта “чацьвёркі” – урэгуляваньне канфліктаў на Каўказе, у тым ліку і праз эканамічнае і гуманітарнае супрацоўніцтва. Расея не хавае, што імкнецца адыграць тут ключавую ролю і скласьці канкурэнцыю Турэччыне, якая ўзмацняе свае пазыцыі ў гэтым рэгіёне. Па-другое, сёньня стала вядома і пра тое, што шэраг краінаў СНД маюць намер падпісаць сумеснае з Расеяй пагадненьне аб асноўных прынцыпах ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж краінамі – удзельніцамі сыстэмы калектыўнай бясьпекі. Гэта – Расея, Казахстан, Арменія, Кіргізія, Таджыкістан і Беларусь. У чым палягае інтарэс Расеі, якая няспынна заяўляе пра зоны ўласных інтарэсаў на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі, зразумела. Аднак, удзел Беларусі ў альянсе з краінамі, якія тым альбо іншым чынам уцягнутыя ў гарачыя лякальныя канфлікты, выглядае сумнеўным. Якія ж вынікі мела маскоўская сустрэча для Беларусі? Заўчора супрацоўнік нашага радыё Юры Дракахруст выказаў меркаваньне, што Масква можа і не падтрымаць спадзяваньні Лукашэнкі на стварэньне “вольнай зоны гандлю”. І сапраўды – Расея абавязалася рэалізаваць асноўныыя прынцыпы такой зоны да 1 ліпеня будучага году, прычым, як расчаравана заўважыў Лукашэнка, “зь мінімальнымі для сабе стратамі”. Нагадаем, што Расея, нароўні з Грузіяй, да гэтага часу не ратыфікавала адпаведнае пагадненьне. Паводле пратаколу, падпісанага летась 2 красавіка на аналягічным саміце кіраўнікоў дзяржаваў СНД, прадугледжвалася скасаваньне ўсіх мытаў, а таксама падаткаў на ўвоз і вываз тавараў празь межы краінаў-удзельніцаў зоны, што, адпаведна, вымагае ўніфікацыі мытнага заканадаўства. Пакуль што гэтага не адбылося. І адбудзецца, у лепшым выпадку, праз год. Можна сказаць, што паняцьце “праз год” у межах такой даволі аморфнай структуры, як СНД – тоеснае паняцьцю “ніколі”. Ня будзе таксама вялікай памылкай лічыць, што і ўчорашняе “забавязаньне” Расеі можа быць забытае Крамлём ўжо сёньня. Аднак можа існаваць і іншае меркаваньне. Пагадненьне пра агульную вольную зону гандлі ратыфікавалі 10 дзяржаваў з 12 , што пацьвярджае істотнасьць гэтай праблемы для краінаў СНД. І наўрад ці Масква ў такіх варунках пойдзе на выклік партнерам, хаця, зразумела, інтарэсы Расеі будуць у любым выпадку захаваныя. Учора Лукашэнка сказаў, што алдмоўны адказ Расеі ў пытаньні вольнай зоны азначаў бы фактычны развал СНД, і гэта той выпадак, калі зь ім можна пагадзіцца. Ёсьць і яшчэ адзін аспэкт. Прыгадаем, як сем гадоў таму тагачасны прэм’ер Беларусі Вячаслаў Кебіч заяўляў пра стварэньне “адзінай рублёвай зоны” – “вось ужо праз два тыдні”, “у наступным месяцы”, “да Новага году”. Сёньня зразумела, што падобныя выказваньні адносна даволі складанай і грувасткай справы мелі папулісцкі характар. І зусім іншае – калі стварэньне адзінай грашовай сыстэмы плянуецца праз пяць гадоў. Вось у такім выпадку гэта выглядае вельмі рэальным і нясе сур’ёзную пагрозу эканамічнай самастойнасьці беларускай дзяржавы. І, як вядома, стварэньне адзінай валюты Беларусі і Расеі якраз і прымеркаванае на 2005 год. Зрэшты, пра стварэньне нечага новага можна казаць толькі адносна – Лукашэнка пасьля ўчорашняй сустрэчы з Пуціным яшчэ раз пацьвердзіў, што гатовы прыняць расейскі рубель у якасьці адзінага плацежнага сродка. Такім чынам, пакуль што падаецца зарана казаць пра тое, што прагматычная пазыцыя новага гаспадара Крамля прымусіла Лукашэнку адмовіцца ад плянаў аб’яднаньня з Расеяй. Дарэчы, ўчора меў месца адзін паказальны эпізод. На сустрэчы з супрацоўнікамі маскоўскага Цэнтру сардэчна-сасудзістай хірургіі імя Бакулева Лукашэнка ў чарговы раз выкарыстоўваў традыцыйную рыторыку, заявіўшы, што “не адыйдзе Беларусь ад сваёй, ад нашай Расеі. Такой вялікай нацыі больш у сьвеце няма.” Магчыма, пасьля гэтых словаў лекары чакалі пачуць словы пра Талстога, Чайкоўскага, Рахманінава, ці, нарэшце пра Паўлава і Вішнеўскага, – постацяў, якія сапраўды зрабілі б гонар любой нацыі, аднак, Лукашэнка адразу ж вызначыў, што ён разумее пад “вялікай нацыяй “:“Я маю на ўвазе савецкага чалавека”, – заявіў менскі госьць. Такое імкненьне абсалютызаваць тое, што выклікае ў сьвеце асацыяцыі з таталітарызмам, адсталасьцю, “халоднай вайной” , духоўнай і эканамічнай дэградацыяй – несумяшчальнае з інтэграцыяй у Эўропу, што абіраюць за мэту ўсё больш лідараў краінаў СНД. Сяргей Навумчык
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |