RFE/RL |
Чацьвер, 22 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Разгляд адміністрацыйных справаў удзельнікаў пікету ў абарону правоў чалавека, што адбыўся ўчора, перанесены на 27 чэрвеня. Сёньня стала вядома: Маскоўскі суд адмовіўся ўзбудзіць грамадзянскую справу паводле скаргі сябраў АГП супраць Менскага гарадзкога выканкаму. Сёньня ў Маскоўскі РАУС завіталі сябры Аб’яднанае Грамадзянскае партыі Ўладзімер Раманоўскі, Людміла Бажок і Галіна Ганчарык. Людміла Бажок распавяла “Радыё Свабода” пра нагоду свайго наведваньня Маскоўскага РАУСу: “У аўторак прыехалі ўвечары два міліцыянты з Маскоўскага РАЎСу дахаты і папрасілі падпісаць пратакол, які яны напісалі ў аўторак удзень. Паводле іхных расказаў, іх прымусілі гэта зрабіць. І калі я спытала, чаму мне яшчэ трэба прыйсьці ў РАУС, яны сказалі, што справа будзе перададзеная ў суд.”, – паведаміла Людміла Бажок. Судзьдзя па адміністрацыйных справах спадарыня Тройніч (кабінэт якой, між іншым, знаходзіцца ў міліцэйскім будынку) пачала разгляд адміністрацыйных справаў са справы намесьніка старшыні менскай гарадзкой арганізацыі АГП Ўладзімера Раманоўскага. Ён абвінавачваецца паводле артыкулу 167 часткі 2 Адміністрацыйнага кодэксу ў арганізацыі несанкцыянаванага пікету. Уладзімер Раманоўскі заявіў хадайніцтва пра ўдзел у судовым працэсе грамадзкага прадстаўніка і адваката, пры гэтым ён заўважыў, што і астатнія ўдзельнікі пікету, на якіх склалі пратаколы, таксама будуць заяўляць аналягічныя хадайніцтвы. Судзьдзя Тройніч у сувязі з гэтым перанесла разгляд справаў на 27 ліпеня. На пытаньне: “Чаму людзі прыйшлі без абаронцаў?” адказвае Людміла Бажок: (Бажок: ) “Мы нічога не пасьпелі зрабіць – ні адвакатаў азнаёміць… Таму сёньня перанесана на 27 ліпеня.” Сёньня у Маскоўскім судзе Менску сябраў АГП чакала яшчэ адная навіна. Судзьдзя Гусакова дала адмоўны адказ на заяву сябраў АГП узбудзіць грамадзянскую справу супраць Менскага гарадзкога выканкаму. У сваёй заяве яны спасылаліся на тую абставіну, што Менскі гарадзкі выканкам увесь час або забараняе праводзіць пікет, або месца пікетаваньня пераносіць на пляцоўку для выгулу сабак у парк ля пляцу Бангалор. У сваім адказе судзьдзя Гусакова спаслалася на артыкул 8 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсьцях, дэманстрацыях і пікетаваньнях”, у адпаведнасьці зь якім рашэньне кіраўніка мясцовага выканаўчага воргану ці яго намесьніка пра забарону акцыі можа быць абскарджана ў суд. А, паколькі ў заяве сябраў АГП ідзе размова ў асноўным пра перанос месца пікетаваньня, а не пра забарону самой акцыі, дык на гэтай падставе ў разглядзе зыску адмоўлена. Судзьдзя нават не зьвярнула ўвагі на тую акалічнасьць, на якую спасылаліся сябры АГП, што перанос акцыі ў бязьлюднае месца супярэчыць вызначэньню пікета як публічнай акцыі і таму, па-сутнасьці, азначае ягоную забарону. Юрыст Аб’яднанае Грамадзянскае партыі Яўген Лабановіч распавёў для “Радыё Свабода” пра меркаваныя дзеяньні ў сувязі з судовым рашэньнем: (Лабановіч: ) “Мы лічым гэтае рашэньне незаконным, і будзем абскарджваць яго ў Менскім гарадзкім судзе. У нас для гэтага ёсьць 10 дзён. Зараз мы рыхтуем скаргу, і яна будзе пададзеная на пачатку наступнага тыдня.” Любоў Лунёва, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |