RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 22 Чэрвеня 2000

Сёньня



Сёньня завершыўся візыт у Беларусь парляманцкае “двойкі” прадстаўнікоў міжнародных міжпарляманцкіх арганізацыяў. Вынікі візыту камэнтуе Юры Дракахруст.

У часе візыту “двойкі” не было дадзена канчатковага адказу на пытаньне, ці прызнае міжнародная супольнасьць парляманцкія выбары, што адбудуцца гэтай восеньню. Але варта зьвярнуць увагу на некаторыя асаблівасьці візыту, якіх не было ў часе ранейшых наведаньняў Беларусі прадстаўнікамі міжпарляманцкіх арганізацыяў.

Цяперашняму візыту папярэднічаў скандал, калі Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ абвінаваціла кіраўніка адмысловае групы Парляманцкае Асамблеі АБСЭ Адрыяна Севярына ў змове з Расеяю з мэтаю прымусіць беларускую апазыцыю ўзяць удзел у выбарах. Сп.Севярын адказваў на гэтыя абвінавачваньні двухсэнсоўна: з аднаго боку, заклікаў не рабіць высноваў з чужых словаў і заявіў, што апазыцыю ніхто ні да чаго прымушаць не зьбіраецца, а з другога боку адзначыў, што, на ягоны погляд, партыям браць удзел у выбарах варта.

Пра што размаўляў сп.Севярын са сьпікерам расейскае Дзярждумы – невядома, але тое, што Расею спрабуюць падключыць да вырашэньня беларускага пытаньня – відавочна. Упершыню ў часе цяперашняга візыту сябры “двойкі” сустрэліся з расейскім амбасадарам у Беларусі. Магчыма, зусім невыпадкова пад час візыту тры фракцыі расейскае Дзярждумы падрыхтавалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам правесьці свабодныя і справядлівыя парляманцкія выбары.

Пэўную супярэчнасьць можна было убачыць і ў заявах прадстаўнікоў міжпарляманцкіх асацыяцыяў. Афіцыйна заяўлялася , што умова прызнаньня выбараў ёсьць выкананьне беларускімі уладамі 4-х умоваў: дэмакратызацыі выбарчага кодэксу, пашырэньня паўнамоцтваў парляманту, допуску апазыцыі да дзяржаўных медыяў і стварэньня клімату даверу. Прадстаўнікоў Эўропы не падмануў так званы “шырокі дыялёг”, насуперак пажаданьням афіцыйнага Менску яны ня сталі сустракацца з удзельнікамі гэтага “дыялёгу”. На выніковай прэсавай канфэрэнцыі сябра паліткамісіі Эўрапарляманту Ян Віерсма падкрэсьліў, што “дыялёг” ня ёсьць паўнавартасная замена непасрэдных перамоваў улады з апазыцыяй. Але з вуснаў таго ж сп.Віерсмы прагучала меркаваньне , што пытаньне пра накіраваньне на выбары назіральнікаў будзе вырашанае ў залежнасьці ад “прагрэсу” па чатырох узгаданых пытаньнях. Зьвернем увагу – не ад іх вырашэньня, а ад прагрэсу ў справе іх вырашэньня.

Некаторыя наглядальнікі выказвалі меркаваньне, што прычына гэтай “мяккасьці” і няпэўнасьці – жаданьне Адрыяна Севярына ўзначаліць Парляманцкую Асамблею АБСЭ. Такое жаданьне сапраўды можа існаваць, але міжнародны чыноўнік ніколі ня пойдзе насуперак лініі арганізацыі , якую ён прадстаўляе. Іншая справа, калі дакладнай лініі няма, калі ёсьць супярэчнасьці наконт таго, што рабіць з Беларусьсю.

Адны выказваюць меркаваньне, што афіцыйны Менск дэманстратыўна адмаўляецца выконваць неабходныя ўмовы, таму прызнаць выбары – згуляць на карысьць беларускай уладзе. Іншыя, напрыклад сп.Севярын, падкрэсьліваюць, што выбары – ці не адзіная магчымасьць паўплываць на ўладу знутры краіны, а ня звонку. Паводле гэтага меркаваньня – няма ніякага альтэрнатыўнага сцэнару ўдзелу ў выбарах.

Зараз, калі апошні момант прыняцьця рашэньня яшчэ не надыйшоў, прыхільнікі абодвух пунктаў гледжаньня зыходзяцца ў адным – трэба дамагацца ад афіцыйнага Менску максымальных саступак. Візыт “двойкі” і быў такой чарговай спробаю. Адзначым, что і беларускія апазыцыйныя партыі пакуль працягваюць удзел у гэтай “вайне нэрваў”: яны даводзілі эўрапэйскім суразмоўцам, што ўлада парушае ўсе дамоўленасьці, але, акрамя Кансэрватыўна-Хрысціянскае Партыі БНФ, пакуль ніхто не сказаў выбарам канчатковага “не”.

Што ж тычыцца расейскае тэмы, то варта адзначыць, што яна палягае ў рэчышчы рэзалюцыі N 304 кангрэсу ЗША – ціснуць на Расею, каб яна націснула на Лукашэнку. Магчыма, адзінае, што зараз можа заходняя дыпляматыя – пераканаць Маскву зрабіць ціск на Менск у накірунку свабодных выбараў.

Кропка ў справе прызнаньня міжнароднай супольнасьцю парляманцкіх выбараў у Беларусі яшчэ не пастаўленая, хаця часу для прыняцьця канчатковага рашэньня застаецца ўсе менш. Але па выніках візыту парляманцкай “двойкі” можна зрабіць выснову, што рашэньне будзе прынятае галоўным чынам на падставе палітычных, а не юрыдычных чыньнікаў: у праватнасьці, у залежнасьці ад ацэнкі магчымасьцяў апазыцыі дамагчыся зьменаў сітуацыі ў краіне па-за сьценамі парляманту.

Юры Дракахруст


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org