RFE/RL |
Серада, 21 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
У радыёэлектроннай галіне Беларусі набірае размах фінансавы крызыс. На многіх прадпрыемствах з прычыны несвоечасовых выплатаў заробкаў рабочыя выказваюць прэтэнзіі да адміністрацыі. Хмары над радыёэлектроннай галіною пачалі згушчацца яшчэ ўвесну. У красавіку шэраг прадпрыемстваў упершыню адчуў фінансавы голад. І вось цяпер гэтая бяда распаўсюдзілася на дзясяткі заводаў краіны, як сталічных, гэтак і разьмешчаных у правінцыі. Наступствам крызысу сталіся нерэгулярныя выплаты заробкаў. Гаворыць старшыня рэспубліканскага прафсаюзу радыёэлектроннае прамысловасьці Генадзь Фядыніч: “У нас вельмі цяжкае становішча: ёсьць вялікія запазычанасьці заробкаў, за красавік ня выплачаныя на многіх прадпрыемствах. Больш як палова прадпрыемстваў радыёэлектронікі ня выканала калектыўныя дамовы за травень, таму мы маем усе падставы быць незадаволенымі як працай дырэктарскага корпусу, так іыы працай Міністэрства прамысловасьці,”– паведаміў лідэр прафсаюзу радыёэлектроннае прамысловасьці Генадзь Фядыніч. Надзвычайная сытуацыя склалася, напрыклад, на менскім вытворчым аб’яднаньні “БелВАР”. Сёньня тут прайшло адмысловае паседжаньне прафкаму. Лідэр мясцовага прафсаюзу Надзея Маслоўская паведаміла нашаму радыё, што ў 3-тысячным калектыве нарастае напружанасьць: “На мінулым тыдні завяршылі выплату толькі красавіцкага заробку. А пра травеньскі дык і наогул не было гаворкі. Нам не пералічваюць прафсаюзныя складкі, не даюць грошай на спэцхарчаваньне. Заводакіраўніцтва і аддзелы пераведзены на няпоўны працоўны тыдзень. Ну, хіба можа нармалёва працаваць прадпрыемства, каля няма ў яго абаротных сродкаў. Гэта катастрофа!”, – мяркуе прафсаюзны лідэр “БелВАРу” Надзея Маслоўская. Яна паведаміла, што некалькі тыдняў таму завод наведаў старшыня ўраду Ўладзімер Ярмошын. Аднак нічога зь ягоных абяцаньняў на сёньняшні дзень ня выканана. Паводле словаў Маслоўскай, дырэктар “БелВАРу” Мікалай Ярохаў зьбіраецца ўцячы з прадпрыемства. Прычым, на падвышэньне. Яму нібыта маюць намер прапанаваць пасаду намесьніка старшыні Менскага гарадзкога выканкаму. Прафкам “БелВАРу” абвясьціў пра скліканьне пазачарговае канфэрэнцыі працоўнага калектыву. Ня менш драматычныя падзеі адбываюцца сёньня на такіх прадпрыемствах радыёэлектронікі, як заводы “Калібр” і “Тэрмапласт”.У прыватнасьці, як паведаміў мне старшыня прафсаюзнага камітэту “Калібру” Ўладзімер Стах, тут на мінулым тыдні ўжо прайшла пазачарговая канфэрэнцыя працоўнага калектыву. Рабочыя “Калібра”, як і на “БелВАРы”, не атрымалі яшчэ за мінулы месяц ані рубля заробку. А вось на “Тэрмапласьце” сацыяльная напружанасьць з-за нясвоечасовых заробкаў ужо атрымала стыхійнае выйсьце – тут па заводскіх цэхах пракацілася хваля гучных пратэстаў мясцовых рабочых. Міхал Стэльмак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |