RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 21 Чэрвеня 2000

Сёньня



Амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі распаўсюдзіла адмысловую заяву, у якой выказваецца стаўленьне да днямі вынесенага прысуду ў крымінальнай справе Міколы Статкевіча й Валерыя Шчукіна.

У заяве Амбасады ЗША ў Беларусі гаворыцца, што Злучаныя Штаты разглядаюць працэс і прысуд, вынесены спадарам Статкевічу й Шчукіну, як палітычна абумоўленыя: “Наколькі нам вядома, абодва яны маюць намер падаць апэляцыю, і мы заклікаем урад скасаваць усе абмежаваньні й спагнаньні, прысуджаныя спадарам Статкевічу й Шчукіну. Працяг перасьледу апазыцыйных палітыкаў можа толькі аслабіць клімат даверу й захаваньня правоў чалавека, які зьяўляецца неабходнай умоваю для свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі”.

Адвакатка Міколы Статкевіча Тацяна Станкевіч рыхтуе апэляцыю ў Вярхоўны суд на рашэньне гарадзкога суду. Яна паведаміла “Радыё Свабода”, які асноўны аргумэнт будзе ўжыты ў скарзе:

“Мы зьбіраемся падаць апэляцыю таму, што, на маю думку, складу злачынства ў дзеяньнях Статкевіча й Шчукіна няма. Падставаю да абскарджваньня стала тое, што і 27 ліпеня, і 17 кастрычніка ў горадзе адбываліся дэманстрацыі. Яны, сапраўды, былі праведзеныя зь некаторымі парушэньнямі. Але казаць пра тое, што тут былі нейкія групавыя дзеяньні, якія падпадаюць пад крымінальную адказнасць, нельга”, – адказала Тацяна Станкевіч.

Лідэр “Народнае Грамады” Мікола Статкевіч у сувязі з заяваю Амбасады ЗША наконт прысуду паведаміў “Радыё Свабода”:

“Я ўдзячны ўсім тым, хто падтрымліваў мяне і ў судзе, і хто цяпер робіць заявы ў маю падтрымку. Відавочна, што працэс цалкам палітычны, таму што мяне судзяць за палітычныя дэманстрацыі. І, безумоўна, прысуд – несправядлівы. Уражаньне, што судзьдзя і не пісаў гэты прысуд. Натуральна, што такі палітычны прысуд лідару палітычнай партыі будзе мець доўгатэрміновыя наступствы. Ён не застанецца па-за ўвагай ня толькі амбасадаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, але і міжнароднага сацыял-дэмакратычнага руху”, – паведаміў лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч.

Сёньня на хвалі папулярнай у Менску FM-станцыі “Альфа Радыё” амэрыканскі амбасадар Дэніэл Спэкгард на працягу гадзіны адказваў на пытаньні слухачоў. Сярод пытаньняў на сямейна-побытавыя тэмы былі й пытаньні палітычнага зьместу. Напрыклад: “ці ведае Дзяржаўны дэпартамэнт пра рэальнае становішча ў Беларусі?”. На пытаньне адной студэнткі: “Чаму так складана беларускім студэнтам трапіць у ЗША?” Дэніэл Спэкгард адказаў, што, сапраўды, ёсьць пэўныя цяжкасьці, але яны апраўданыя, і спаслаўся пры гэтым на выпадак, які адбыўся летась. Тады група студэнтаў зь Віцебску трапіла ў ЗША на стажаваньне, і 40% зь іх не пажадалі вярнуцца дамоў.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org