RFE/RL |
Серада, 21 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Перш, чым вызначыцца ў галоўнай праблеме – ці пасылаць назіральнікаў на парлямэнцкія выбары ў Беларусі, міжнародныя арганізацыі дэталёва прааналізуюць выкананьне беларускімі ўладамі кожнай з чатырох умоваў, вызначаных міжнароднай супольнасьцю. Пра гэта сёньня заявіў Адрыян Севярын, які ў складзе міжнароднае дэлегацыі знаходзіцца ў Менску. Кіраўнік рабочае групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын зрабіў гэтую заяву сёньня пад час сустрэчы міжнароднае парлямэнцкае дэлегацыі са старшынёй Цантарвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай. Ён нагадаў, што гэтыя ўмовы даўно вызначаныя, міжнародныя структуры трымаюць іх пад кантролем і будуць пільна назіраць за іхным выкананьнем. Нагадаем, што гаворка йдзе пра Выбарчы кодэкс, які павінен адпавядаць эўрапейскім стандартам, пра зьмяненьне шэрагу функцыяў і паўнамоцтваў парлямэнту, доступ палітычнай апазыцыі да дзяржаўных мас-мэдыяў і стварэньне ў Беларусі атмасфэры даверу. Спадар Севярын патлумачыў: будзе разглядацца як выкананьне кожнай гэтай умовы паасобку, гэтак і ўсіх чатырох разам. Пад час сустрэчы Лідзія Ярмошына і кіраўнік камісіі гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” Анатоль Красуцкі спрабавалі пераканаць гасьцей, што ў некаторых пытаньнях існуе пэўны прагрэс. Асабліва ў паляпшэньні Выбарчага кодэксу. У якасьці доказу называліся папраўкі, якія ўнесеныя Аляксандрам Лукашэнкам. Сябры “тройкі” пагадзіліся, што ў нейкай ступені кодэкс стаў больш набліжаным да міжнародных нормаў, але яны хацелі б бачыць і больш радыкальныя зьмены. Потым міжнародныя чыноўнікі сустрэліся зь першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ўладзімерам Замяталіным і сябрамі рабочае групы ў справе арганізацыі гэтак званага “шырокага грамадзка-палітычнага дыялёгу”. Пад час гэтае гутаркі “тройку” таксама спрабавалі пераканаць у пэўным прагрэсе. Хто – апазыцыя або ўлады – змогуць больш паўплываць на настрой і погляды міжнародных чыноўнікаў? Вось як адказвае на гэтае пытаньне Мечыслаў Грыб: “Са свайго боку ўлады робяць усё, каб даказаць, што яны нешта зрабілі, каб пайсьці насустрач апазыцыі. Апазыцыя даказвае рэальна, што на гэты час пакуль што нічога ня зроблена, толькі ёсьць нейкія касмэтычныя зьмены. Таму цяжка сказаць, хто каго пераканае ў гэтым сэнсе. Я лічу, што ў апазыцыі больш грунтоўныя матар’ялы доказу, што ў Беларусі нічога не мяняецца, чым ва ўлады. Мне здаецца, што пакуль што нічога ня будзе прынята – ні станоўчае, ні адмоўнае рашэньне, і асноўнае пытаньне можа быць вырашанае 6 ліпеня на міжпарляманцкай Асамблеі АБСЭ ў Бухарэсьце. Але гэта будзе вырашацца там у адпаведнасьці з тымі матар’яламі, якія прывязуць адсюль зь Менску”. Выглядае, што ўчорашнія прапановы лідэраў апазыцыі перанесьці парлямэнцкія выбары на больш позьні тэрмін знайшлі водгук у “тройкі”. Сёньня яны ўзьнялі гэтую праблему на абедзьвюх сустрэчах з афіцыйнымі асобамі. І двойчы адказ быў аднолькавы: гэта немагчыма бязь зьменаў у фактычна дзейнай Канстытуцыі. І тут самы раз узгадаць учорашнія словы Станіслава Шушкевіча ў часе сустрэчы лідэраў апазыцыі з “тройкаю”. Спадар Шушкевіч тады адзначыў: немагчыма зьмяніць функцыі і паўнамоцтвы будучага парлямэнту безь зьмяненьня Канстытуцыі 1996 году. З гэтай праблемаю міжнародная супольнасьць, падкрэсьліў Станіслаў Шшукевіч, абавязкова сутыкнецца. Сёньняшняя праграма візыту міжнароднае дэлегацыі завяршаецца вялікім “круглым сталом” з удзелам апазыцыі і ўладаў. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |